Намеснік старшыні Вярхоўнага суда не засумняваўся, што Ігар Случак «дробна хуліганіў”
Грамадскі актывіст, ініцыятар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак (на фота) атрымаў адказ на свой ліст да старшыні Вярхоўнага суда Беларусі. Праўда, адказаў яму не старшыня, а яго першы намеснік Аляксандр Федарцоў, які выносіў растрэльны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.
Нагадаем, яшчэ ў жніўні ў Гомелі судзілі за «дробнае хуліганства» Ігара Случака. Малады чалавек атрымаў трое сутак арышту. Сведкам яго супрацьпраўных паводзінаў выступаў на судзе нейкі жыхар Гомеля Сяргей Замай, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і «у дастатковай колькасці», па яго ж словах на судзе, ужывае алкаголь. Гэты чалавек сцвярджаў, што Ігар Случак штурхнуў яго ў плячо, а потым яшчэ і брудна аблаяў. Нягледзячы на асобу сведкі, суд поўнасцю стаў на яго бок, і прызнаў, што актывіст здзейсніў правапарушэнне. Абскарджанне ў абласным судзе не прынесла плёну: рашэнне раённага суда засталося ў сіле.
Пасля гэтага Случак падаў скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі, але і там засталіся на баку слесара Замая. Тым часам, актывіст спрабаваў высветліць, чаму ў працоўны час слесар не быў на працы. І вось ягоны начальнік адказаў, што ў час быццам здзейсненага правапарушэння Замай быў якраз на працоўным месцы. Выходзіць, міліцэйскія пратаколы хлусяць?
Аб усім гэтым Случак паведаміў у лісце да старшыні Вярхоўнага суда. Але ягоны намеснік адказаў фармальна: «Доказы суддзёй ўсебакова, поўна і аб'ектыўна правераныя і абгрунтавана прызнаныя сапраўднымі. Інфармацыя, атрыманая з Гомельскага лакаматыўнага дэпо не ўтрымлівае звестак, якія аспрэчваюць правільнасць высновы суддзі аб вашай вінаватасці ў здзяйсненні дробнага хуліганства». Такім чынам, рашэнне зноў пакінутае ў сіле».
«Вяртаючыся да самой справы, па якой мяне прызналі вінаватым у штурханні і абразе невядомага мне чалавека, то як прыклад, магу сказаць, што крыху больш за тыдзень таму амаль у тым жа самым месцы, дзе на думку суда я парушыў закон, на мяне напалі двое невядомых, збілі і абрабавалі мяне. І не аднаго супрацоўніка міліцыі паблізу, як звычайна, не знайшлося. А нібыта аблаяны слесар Замай за 30 секунд змог знайсці аўтобус спецназу, які праз хвіліну мяне і затрымаў. І гэта яшчэ не самыя недарэчныя факты гэтай справы», - адзначыў Ігар Случак і падкрэсліў, што будзе далей намагацца справядлівага рашэння ў сваёй справе.