Аляксандру Кірылаву не дазваляюць правесці пікеты ў Віцебску
Актывіст незарэгістраванай апазіцыйнай Беларускай кансерватыўнай партыі "Белая Русь" пайшоў у гарвыканкам, каб падаць заяўку на масавае мерапрыемства. Начальнік аддзелу па зваротах грамадзян адмовіўся патлумачыць, якім чынам падаюцца падобныя заяўкі. Аляксандр Кірылаў (на фота) зрабіў адпаведны запіс у "Кнізе скаргаў і прапаноў", а таксама звярнуўся са скаргай у абласную пракуратуру.
Паводле кіраўніка незарэгістраванай БКП "Белая Русь" Сяргея Рыжова, удзельніка мінулай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, у Віцебску запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў пад агульным лозунгам "Жабракі, беспрацоўныя, ахвяры палітычнага беззаконня – яднайцеся!":
-- Мэта гэтых мерапрыемстваў – аб'яднаць і палітызаваць сацыяльна апатычныя слаі насельніцтва. Аднак Аляксандру Кірылаву ў гарвыканкаме не патлумачылі, якім чынам ён можа рэалізаваць сваё права на выказванне ўласных палітычных меркаванняў – ён так і не даведаўся, якім чынам мусіць быць аформлена заяўка. Таму ў "Кнізе скаргаў і прапаноў" ён напісаў, што патрабуе, каб у гарвыканкаме ягоны зварот наконт правядзення масавых мерапрыемстваў быў разгледжаны ў любым выпадку. Таксама Кірылаў звярнуўся ў абласную пракуратуру са скаргай на бяздзеянне работнікаў гарвыканкаму.
На думку Сяргея Рыжова, пасля гэтых падзеяў не выпадае спадзявацца на тое, што мерапрыемствы будуць дазволеныя.