Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу гомельскіх праваабаронцаў
Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леаніда Судаленка атрымалі з Жэневы паведамленне аб рэгістрацыі іх агульнай скаргі, паводле якой напярэдадні прэзідэнскіх выбараў 2010 года яны звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам за дазволам на правядзенне пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека. Праваабаронцы жадалі звярнуць увагу выбаршчыкаў на іх права адмовіцца ад дэтэрміновага галасавання, паведамляе Гомельская Вясна.
Гарадскія ўлады масавае мерапрыемства не дазволілі. Раённы суд стаў на бок гарвыканкаму, а абласны суд зацвердзіў рашэнне раённага. Таксама і Вярхоўны суд, дзе абскарджвалі рашэнне праваабаронцы, не задаволіў іх скаргу. Такім чынам, унутраныя сродкі прававой абароны былі вычарпаны, засталося спадзявацца на міжнародную інстанцыю — Камітэт ААН па правах чалавека.
У скарзе заяўнікі звяртаюць увагу, што ў амаль 500-тысячным горадзе Гомелі ўлады вызначылі толькі адно месца для правядзення пікетаў і мітынгаў, а за правядзенне мірных сходаў грамадзяне, згодна рашэнню гарвыканкама, павінны яшчэ і заплаціць — міліцыі, хуткай дапамозе і камунальным службам.
“Нам не зразумела, для дасягнення якой мэты абмежавана наша права на правядзенне мірных сходаў для выказвання свайго меркавання. Лічым, што забарона мясцовых уладаў на правядзенне мірных сходаў не з'яўляецца неабходнай у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны здароўя, правоў і свабоды іншых асоб”, - акцэнтуюць увагу праваабаронцы.
Яны лічаць, што краіна не выконвае свае абавязкі па сэнсу артыкула 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі нормы нацыянальнага закону “Аб масавых мерапрыемствах” утрымлівае двухсэнсоўныя і расплыўчатыя нормы, якія могуць тлумачыцца і тлумачацца гарадскімі уладамі па-рознаму.
Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны просяць Камітэт ААН устанавіць факт парушэння іх правоў на свабаду правядзення мірных сходаў і свабоду выказвання меркавання з боку дзяржавы і раіць беларускаму ўраду прывесці закон “Аб масавых мерапрыемствах” у адпаведнасць міжнародным абавязкам.
Напамятаем, што гэта ўжо 128-я скарга, пададзеная грамадзянамі Беларусі ў гэтую уплывовую міжнародную інстанцыю.