Хлопца босым адвезлі ў міліцыю, каб зняць адбіткі пальцаў
"Не змог апрануцца, абуцца, босым па лесвіцы з другога паверха спусцілі, дацягнулі да машыны без апазнавальных знакаў. На нейкі момант я згубіў прытомнасць, калі стукнуўся галавой аб асфальт", – распавядае падрабязнасці затрымання Яўген Мазанік. Хлопца адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна, каб зняць... адбіткі пальцаў.
"Па гэтым факце будзе праводзіцца праверка. Ён аказаў супраціўленне, спрабаваў пальцамі выціснуць вока супрацоўніку міліцыі. Той звярнуўся у 10 бальніцу і зараз на бальнічным", – распавядаюць Еўрарадыё ў міліцэйскім упраўленні.
Па словах Яўгена, дасылаць позвы ў ваенкамат пачалі ў пачатку 2009 года:
"Прыходзіш у ваенкамат, а там кажуць, здавайце адбіткі пальцаў. На той момант закон (аб абавязковай дактыласкапіі ўсіх ваеннаабавязаных) не быў прыняты".
Яўген сцвярджае, што супрацоўнікі міліцыі не паказалі яму пасведчанні. Абодва былі... не ў форме. Бо, як патлумачылі Еўрарадыё ў міліцыі, “гэта былі супрацоўнікі крымінальнага вышуку”. На пытанне, чаму менавіта яны гэтым займаюцца, кіраўнік першага гарадскога аддзела міліцыі, чые супрацоўнікі і затрымлівалі Яўгена, патлумачыў, што сам вырашае, каго накіроўваць.
"8.30 званок у дзверы, кажуць сувязь. Чалавек у працоўнай вопратцы. Я сказаў, што не выклікаў нікога і ўсё. Дом на капрамонце, і такое здараецца часта. Тут праз пару хвілін адключылася святло. Гляджу ў вочка, бачу таго ж чалавека і яшчэ аднаго, які сядзіць на лесвіцы. Адчыняю дзверы, тут жа яна блакуецца, мяне хапаюць, пачынаецца патасоўка. На пытанні, хто такія, вашы дакументы, што робіце, я адказу так і не атрымаў".
Яўген сцвярджае – зразумеў, што гэта міліцыя, толькі калі пабачыў кайданкі, якія на яго спрабавалі начапіць. У міліцыі кажуць, што ўсё зрабілі паводле закона:
"Супрацоўнікі міліцыі дакладвалі, што яны яму прадставіліся, прад'явілі пасведчанні і акрэслілі мэту візіту. Мазанік, асабіста сказаў, што не пачуў, як яны прадставіліся, а пасведчанняў не бачыў. Ён неаднаразова выклікаўся позвамі, яму накіраванні прыходзілі, але ён не з'яўляўся. Пісаў скаргі ў пракуратуру, яны былі разгледжаныя. Яму давалі адказы, што ён, як чалавек ваеннаабавязаны, павінен прайсці дактыласкапічную рэгістрацыю".
Раней у размове з Еўрарадыё Яўген Мазанік не адмаўляў, што атрымоўваў позвы, але толькі да таго, як быў прыняты закон.
"За ўвесь 2011 год мне не прыйшло ніводнага накіравання, але былі тэлефанаванні з міліцыі і ваенкамата. Потым пачалі званіць бацькам. Я прасіў даслаць накіраванне. Прыходзіла міліцыя дадому, але ніякага накіравання не бачыў".
Пратакола затрымання на хлопца чамусьці не складалі. Адразу ж адпусцілі, як ён напісаў тлумачэнні. Пасля Мазанік звярнуўся з заявай і паехаў здымаць пабоі. Тое ж пасля бальнічнага зробіць і супрацоўнік міліцыі. Так што справа, хутчэй за ўсё, будзе мець працяг.
"Па дзеяннях Мазаніка, па яго заяве і рапарце супрацоўнікаў міліцыі будзе праводзіць праверку следчы камітэт", – кажа начальнік першага гарадскога аддзела міліцыі Алег Селістровіч.
Каб “адкатаць” пальцы паўторна, хлопца адвезлі ў міліцыю ў кайданках
“Гэта з міліцыі, калі вы не прыедзеце, вашага сябра затрымаем на 3 сутак”