Валерыя Шчукіна аштрафавалі на 34 базавыя велічыні
Пад час суду над лідэрам партыі «Справядлівы сьвет» Сяргеем Калякіным, кіраўніком АГП Анатолем Лябедзькам і каардынатарам «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандрам Атрошчанкавым 29 сакавіка ў Оршы быў затрыманы праваабаронца Валерый Шчукін.
Як паведамілі вечарам актывісту кампаніі «Наш дом» Мікалаю Петрушэнку у Аршанскім РАУСе, Шчукін затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і змешчаны ў пастарунак. У чым яго вінавацяць – не паведамляецца.
Калі міліцыя забараніла прысутнічаць на судзе жадаючым, Валерый Шчукін сваім целам заблакаваў дзьверы на трэці паверх. Ён лёг на падлогу ў дзьвярах, каб іх не зачынілі. Пазней Шчукіна папярэдзілі, што прапусьцяць толькі з медыцынскай даведкай.
* * *
Сёння раніцай журналістка Алена Сцяпанава спрабавала высветліць у судзе Аршанскага раёна і горада Оршы час разгляду справы Валерыя Шчукіна, аднак яе ў грубай форме "заўхоз" суду Т.Сіпара выдаліла з памяшкання суду. Яна напісала скаргу на імя старшыні суду. Старшыня суду Антаніна Карэтнікава аддала загад не ўпускаць у памяшканне пэўных людзей.
10-40. Супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі Шчукіна ўчора, падцвердзілі, што на праваабаронцу складзены пратакол за дробнае хуліганства, якое выразілася ў дэманстратыўным ляжаньні на падлозе ў судзе.
11-30. З памяшканьня суду выдалілі мясцовага актывіста Ігара Казмерчака. Ён паведаміў, што да суду пад'ехаў аўтазак. Праваабаронца Васіль Леўчанкаў, якога таксама не прапусцілі ў памяшканьне, паведаміў, што у суд прапускаюць толькі па позвах. Маўляў, гэта распараджэньне старшыні суда Антаніны Карэтнікавай.
12-05. Пасьля шматлікіх скаргаў прадстаўнікоў грамадскасьці і журналістаў запусьцілі ў судовую залю, папярэдне агледзеўшы рэчы. Суддзя Тацяна Рыбакова адхіліла адвод Шчукіна суддзі, аднак Шчукін папрасіў каб яго інтарэсы абараняла адвакат з Менску. Таму ў судзе абвешчаны перапынак да 16 гадзін.
12-50. Мясцовыя праваабаронцы перадалі ў Ізалятар часовага ўтрыманьня, куды адвезлі Валерыя Шчукіна, прадуктовую перадачу.
16-40. Па артыкуле 17.1 КаАП РБ (“Дробнае хуліганства”) Валерый Шчукін аштрафаваны на 4 базавыя велічыні (140 тысячаў рублёў), а па артыкуле 23.4 (“Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў”) – на 30 базавых велічыняў (1 мільён 50 тысячаў рублёў).