“За справядлівыя выбары” стварае аргкамітэт на Брэстчыне
У Брэсце адбылося паседжанне, мэтай якога было стварэнне ў рэгіёне аргакамітэту кампаніі “За справядлівыя выбары”, якая будзе адсочваць працэс падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, што павінны адбыцца сёлета.
З гэтай нагоды горад наведалі каардынатары кампаніі - Віктар
Карняенка і старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін,
якія абвесцілі, што па ўсёй краіне плануецца накіраваць не менш за тры тысячы
назіральнікаў на выбарчыя участкі і прыблізна 1500 чалавек – у склад выбарчых
камісій рознага ўзроўню.
Як распавёў Сяргей Калякін, “наша асноўная мэта – дамагчыся чэснага падліку
галасоў, бо сама выбарчая кампанія наўрад ці будзе справядлівай і дэмакратычнай
пакуль у Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя, існуюць жорсткія абмежаванні
ў асвятленні выбараў у СМІ і іншыя перашкоды”. Актывісты кампаніі “За
справядлівыя выбары” лічаць, што калі калі галасаванне на ўсіх яго этапах
пройдзе з грубымі парушэннямі заканадаўства і фальсіфікацыямі, нельга дапусціць,
каб такія выбары былі прызнаны легітымнымі.
Што тычыцца Брэсцкай вобласці, дык тут збіраюцца прапанаваць дзеля ўключэння ў склад камісій 100-150 чалавек, а яшчэ каля паўтысячы актывістаў будуць браць удзел у працэсе назірання. Па словах Віктара Карняенкі, важна, каб да гэтай справы далучыліся ня толькі мясцовыя актывісты палітчных партый і грамадскіх аб’яднанняў, але і звычайныя грамадзяне, якія неабыякавыя да падобных падзей, што маюць важныя наступствы ў палітычным жыцці Беларусі.