Бабруйскі пракурор пакрывае дырэктара завода?
Міхаіл Кавалькоў, бабруйскі лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага і старшыня прафсаюзнай суполкі на “Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў", напісаў тры заявы на імя дырэктара Аляксандра Аграновіча, а пра існаванне “адказаў” ад яго даведаўся толькі праз пракуратуру.
- Я чакаў адказы ад дырэктара завода на тры свае лісты, - распавядае Міхаіл Кавалькоў. - Адзін з іх адправіў яшчэ напрыканцы мінулага года, два - у бягучым. У заявах даводзіў да Аграновіча прафсаюзныя праблемы кшталту дыскрымінацыі старшыні прафсаюзнай суполкі, ці раптоўнае адключэнне міжгародняй тэлефоннай сувязі ў нашым офісе… Раней кіраўніцтва завода хоць нейкімі адпіскамі абмяжоўвалася, а зараз павісла працяглая цішыня. І гэта нават нягледзячы на існаванне Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, паводле якога адказы на заявы павінны прыходзіць праз 15 дзён. Я пачакаў да 2 сакавіка і, так і не атрымаўшы ніякіх адказаў ад Аляксандра Аграновіча, накіраваў заяву ў пракуратуру Першамайскага раёна.
У заяве Міхаіл Кавалькоў прасіў супрацоўнікаў пракуратуры звярнуць увагу на тое, што на зводзе ТДіА парушаецца Закон “Аб заваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. Да заявы прафсаюзны лідэр прыклаў тры копіі сваіх лістоў, зарэгістраваных у канцэлярыі. Таксама ён патрабаваў скласці на дырэктара завода пратакол аб адміністратыўным парушэнні і перадаць гэты пратакол у суд, каб Аляксандра Аграновіча прыцягнулі да адказнасці паводле 26-га атрыкулу вышэйназванага Закона (Адказнасць за парушэнне парадку разгляду зваротаў).
22 сакавіка Міхаіл Кавалькоў атрымаў адказ ад пракурора Генадзя Ярмака, які, як адзначае прафсаюзны лідэр, “здзівіў цынізмам”. У афіцыйнай паперы тлумачыцца, што “ацэнка законнасці дзеянняў прадпрыемства вызначалася, зыходзячы з прадастаўленых ім дакументаў”. Далей супрацоўнік пракуратуры сцвярджае, што адказы Кавалькову ад дырэктара ТДіА, аказваецца, існуюць. “Прадпрыемствам у пракуратуру раёна былі прадастаўленыя адказы на Вашыя звароты, а таксама копія журнала выходнай карэспандэнцыі, у якім падцвярджаецца накіраванне ў Ваш адрас дадзеных адказаў. Падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання па Вашым звароце няма”, - гаворыцца ў паперы.
- Нейкая дзіўная рэч атрымалася, - здзіўляецца Кавалькоў. – Я ні аднаго адказа ад Аграновіча не атрымаў, а пракурор сцвярджае, што яны ёсць. Мяркую, пракуратура пайшла на фальсіфікацыю гэтай справы. Бо выглядае гэта як звычайная фальсіфікацыя і падлог дакументаў, зробленыя для пакрывальніцтва дырэктара прадпрыемства. Бо падрабіць копію старонкі журнала выходнай карэспандэнцыі, а тым больш напісаць заднім чыслом “адказы” не складае асаблівай цяжкасці. Натуральна, я не буду з гэтым мірыцца. На днях я выслаў у Магілёўскую абласную пракуратуру скаргу на дзеянні пракуратуры Першамайскага раёна. У ёй ёсць патрабаванні правесці паўторную праверку па маіх заявах, то бок выканаць усё тое, што было праігнарвана бабруйскім пракурорам.