viasna on patreon

Лідара нацболаў апраўдалі

2012 2012-03-23T15:36:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд Савецкага раёна Мінска 23 сакавіка апраўдаў лідара беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгена Контуша і спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да яго. Пра гэта паведаміў Контуш.

Нагадаем, ён абвінавачваўся ў адміністрацыйным правапарушэнні за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Ён быў затрыманы 16 сакавіка каля пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Мінску і ўтрымліваўся да 19 сакавіка ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

19 сакавіка суд пастанавіў накіраваць адміністрацыйную справу ў дачыненні да Контуша на дапрацоўку. «Аднак і пасля дапрацоўкі пратаколаў у міліцыі суд Савецкага раёна вызначыў, што мая віна не даказана. Міліцыя дрэнна падрыхтавалася да працэсу, яны не ліквідавалі супярэчнасці ў сваіх пратаколах і паказаннях. Апрача таго, суд не знайшоў ніякіх доказаў таго, што я каля пасольства КНР стаяў з расцяжкамі або раздаваў улёткі. У выніку было вырашана, што мая віна не даказана і ў маіх дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння. У выніку я быў вызвалены з-за недаказанасці віны», — сказаў Контуш.

Ён таксама зазначыў, што з 16 па 19 сакавіка знаходзіўся ў ЦІП на Акрэсціна. «Гэта значыць трое сутак я знаходзіўся ў турме ні за што. Гэта мы з маім адвакатам будзем абскарджваць», — падкрэсліў актывіст.

Нагадаем, 16 сакавіка група беларускіх нацыянал-бальшавікоў правяла акцыю пратэсту каля сцен пасольства КНР. Маладыя людзі разгарнулі транспарант, на якім быў выяўлены перакрэслены надпіс Made in China, і запалілі сігнальную шашку, скандуючы пры гэтым «Не — кітайскай экспансіі!».

У паведамленні нацыянал-бальшавікоў было сказана: «Гэтай акцыяй нацыянал-бальшавікі выказалі свой пратэст супраць кітайскай экспансіі, што праводзіцца кіраўніцтвам КНР пры актыўным садзейнічанні беларускіх уладаў. Звязаныя крэдыты, высечка ў цэнтры Мінска парку 40-годдзя Кастрычніка, планы па будаўніцтве індустрыяльнага парка на месцы дачных пасёлкаў Мінскага раёна — усе гэтыя захады парушаюць правы грамадзян Рэспублікі Беларусь, каб дагадзіць інтарэсам кітайскага капіталу».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства