Да салігорскіх дэпутатаў звернуцца па праблеме забароны пікетаў
Дэпутаты павінны заняцца праблемай забароны масавых мерапрыемстваў у горадзе. Так лічыць мясцовы актывіст Уладзімір Шыла, чарговых пяць заяваў на правядзенне масавых мерапрыемстваў якога зноў не ўхваліў Салігорскі выканкам.
Мерапрыемствы мусілі адбыцца ў канцы лютага, але нібыта з-за адсутнасці абавязацельства ў пісьмовай форме па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства старшыня райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі дазволу на іх правядзенне не даў.
- Увогуле сітуацыя аналагічная мінулай. Відаць, у выканкаме з’явіўся палтэргейст, які выкрадае мае абавязальніцтвы. У прыёмнай мяне заверылі, што ў іх нічога не знікае. Проста містыка нейкая, - распавядае Уладзімір Шыла. - У любым разе пры падачы новых заяваў я цяпер рэгіструю кожную паперку асобна ды пакідаю сабе копію з подпісам сакратара.
Новыя тры заявы на правядзенне вулічнага шэсця, пікету і мітынгу ў Салігорску актывіст падаў на сярэдзіну сакавіка. На мерапрыемствах мяркуецца прыцягнуць увагу да фактаў існавання палітычных зняволенных у Беларусі, запатрабаваць правядзення свабодных выбараў ды выказаць пратэст супраць нахабнага стаўлення ўлады да закону і Канстытуцыі. Зрэшты, атрымаць дазвол пасьля некалькіх дзясяткаў адмоваў Уладзімір Шыла не надта спадзяецца:
- Відавочна, што ў нашай краіне дазвол на акцыю пратэста з’яўляецца пытаннем не прававым, а палітычным. Таму ідэолагі будуць шукаць любыя зачэпкі, каб такога дазволу не даць. А калі не знойдуць, дык забароняць без прычыны. Думаю, прыйшоў час і Салігорскаму Савету дэпутатаў заняцца праблемай забароны пікетаў у горадзе. Хай таксама дзеляць адказнасць разам з Аляксандрам Рымашэўскім. У рэшце, менавіта Савет мусіць прымаць рашэнні, а выканкам іх выконваць.
Па словах Уладзіміра Шылы, у бліжэйшы час ён накіруе адмысловы зварот салігорскім дэпутатам з патрабаваннем забяспечыць рэальную магчымасць рэалізацыі права на свабоду сходаў у Салігорску.