“Літаратура і нацыя” Алеся Бяляцкага - у шорт-лісце “Залатой літары”
Сёлета ў спіс прэтэндэнтаў на атрыманне суб’ектыўнай літаратурнай прэміі Адама Глобуса “Залатая літара 2011” трапілі 10 кніг, якія глянуліся пісьменніку цягам года, паведамляе сайт “Нашай Нівы”. Галасаванне праходзіць на старонцы Адама Глобуса ў LiveJournal.
Манаграфія Алеся Бяляцкага “Літаратура і нацыя” выйшла ў Менску ў 1991 годзе ў выдавецтве “АРТ Гейзер”. Кніга створана на аснове кандыдацкай дысертацыі аўтара, абараняць якую па сканчэнні аспірантуры Інстытута літаратуры АН БССР ён адмовіўся. У кнігу ўвайшлі літаратуразнаўчыя артыкулы “Беларуская літаратура і Беларуская Сацыялістычная Грамада”, “Будучнасьць” у беларускай паэзіі пачатку ХХ стагодзьдзя”, “Нацыянальная сьвядомасьць і беларуская літаратура на пачатку ХХ стагодзьдзя” і “Мінуўшчына нашага краю ў беларускай паэзіі пачатку ХХ стагодзьдзя”.
На “Залатую літару 2011”, паводле спісу Глобуса, прэтэндуюць:
1. Ян Максімюк “Словы ў голым полі” (эсэ).
2. Сяргей Календа “Іржавы пакой з белымі шпалерамі” (проза).
3. Лявон Вольскі “Міларусь” (проза).
4. Марыя Мартысевіч “Амбасада” (паэзія).
5. Артур Клінаў і Вольга Архіпава “Беларускі авангард 80-х” (альбом).
6. Сяргей Харэўскі “Сто твораў ХХ стагоддзя” (нарысы).
7. Павел Касцюкевіч “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (проза).
8. Алесь Бяляцкі “Літаратура і нацыя” (артыкулы).
9. Арноль Макмілін “Пісьменства ў халодным клімаце” (артыкулы).
10. Уладзімір Лобач ULASLOVY (вершы).
Традыцыйна прэмія "Залатая літара" ўручаецца 25 сакавіка. Цырымонія адбываецца ў адной з менскіх кавярняў.