Справа Алеся Чыгіра перададзеная абласному пракурору
Перанесены на 13 верасьня суд над Алесем Чыгіром ня вырашыў лёс дэпутата з Бабруйску. Судзьдзя Натальля Чарапуха паведаміла, што ў адпаведнасьці з законам, санкцыю на прыцягненьне да адміністратыўнай адказнасьці дэпутата мусіць быць вынесенае не раённым пракурорам, а абласным. Гэткае рашэньне бабруйскага суду карэспандэнту Радыё Свабода пракаментаваў юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч: "Судзьдзя паступае правільна бо ж гэты судзьдзя юрыст. Праўда, у нас вельмі часта здараецца, што працэсуальна гэта выглядае бездакорна, але вось сутнасьць справы& Чыгір выйшаў выказаць свой пратэст на звальненьне яго з працы паводле палітычных матываў. У любой іншай краіне гэта не пацягнула б ніякай адміністрацыйнай адказнасьці, бо чалавек мае права выказаць свой пратэст. Тым больш дэпутат чалавек, які займаецца палітыкай, ён таму і стаў дэпутатам. У нас жа сітуацыя іншая. У нас нават такая бясшкодная для грамадзтва акцыя цягне вось такія наступствы".
Паводле выстаўленых абвінавачаньняў, Алесю Чыгіру пагражае штраф альбо да 15 сутак зьняволеньня. Між тым настаўнік з сярэдзіны жніўня- беспрацоўны, а на ягоным утрыманьні трое непаўналетніх дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
Алесь Чыгір зьвярнуўся са скаргай у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі і падрыхтаваў пазоў у суд на гарадзкую ўправу адукацыі за незаконнае звальненьне. Акрамя таго, дэпутат плануе падаць у суд на гарадзкую дзяржаўную газэту "Бабруйскае жыцьцё" за публікацыю абражальнага артыкулу "Тэатар аднаго актора".
Нагадаем, Алесь Чыгір быў затрыманы 12-га верасьня. На яго быў складзены пратакол па Арт.166 Адміністрацыйнага Кодэксу (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі) і Арт.167.1 (арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцы). 31 жніўня дэпутат Бабруйскага гарсавету, настаўнік гісторыі Алесь Чыгір ланцугамі прывязаўся да слупа блізу будынку гарвыканкаму. Гэтак ён пратэставаў супраць звальненьня са школы, якое, на ягоную думку, зьвязана з удзелам у палітычных падзеях падчас прэзыдэнцкіх выбараў, калі Чыгір узначальваў штаб Аляксандра Мілінкевіча.