Праваабаронца патрабуе змяніць меру стрымання для Сяргея Каваленкі
Напярэдадні суду над Сяргеем Каваленкам, прызначанага на 21 лютага, віцебскі праваабаронца Павел Левінаў наведаў Першамайскі райсуд, дзе будуць разглядаць крымінальную справу сябра КХП БНФ. Праваабаронца падаў на імя суддзі Алены Жук пісьмовае патрабаванне замяніць зняволенне на больш мяккую меру стрымання для Сяргея Каваленкі.
На думку Паўла Левінава, зняволенне актывіста да суду – гэта палітычная замова, бо іншых падставаў, каб ізаляваць Каваленку ад грамадства, ён не бачыць: "Сяргей Каваленка не ўяўляе небяспекі для дзяржавы і для грамадскасці. Ён не забойца, не рабаўнік, не кідаецца ў бойку… Вось супрацоўнік міліцыі Лінкус, якога асудзілі за тое, што ён знявечыў свайго падначаленага, для навакольнага атачэння быў куды больш небяспечны, але яго трымалі пад хатнім арыштам, а не ў СІЗА".
Павел Левінаў лічыць, што вызваліць Сяргея Каваленку з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе, пад хатні арышт ці грашовы заклад трэба ўжо таму, што ён больш як два месяцы таму абвясціў галадоўку. І калі ён пагодзіцца з яе выйсці, то не зможа зрабіць гэта ў турэмных сценах без шкоды для здароўя.
Сваякі Сяргея Каваленкі сцвярджаюць, што зараз здароўе актывіста ў крытычным стане, што яму патрэбная неадкладная дапамога медыкаў ва ўмовах стацыянару. Яшчэ на этапе следства яны прасілі замяніць меру стрымання для актывіста пад грашовы заклад яго прасілі выпусціць і аднапартыйцы з КХП БНФ, але Каваленку так дагэтуль і трымаюць за кратамі.
Праваабаронца Павел Левінаў наведаў і СІЗА, дзе пад вартай знаходзіцца актывіст-галадоўнік. Намеснік начальніка СІЗА падпалкоўнік Дубко запэўніў спадара Левінава, што стан здароўя Каваленкі дазваляе яму ўдзельнічаць у судовым працэсе. Таму гаворкі пра адтэрміноўку суду няма.
Суддзя Першамайскага райсуду Алена Жук будзе разбіраць крымінальную справу, ініцыяваную раённай крымінальна-выканаўчай інспекцыяй. Сяргея Каваленку вінавацяць паводле артыкула 415 "Ухіленне ад адбывання пакарання" за парушэнні рэжыму "хатняй хіміі", якую яму прысудзілі за вывешаны 7 студзеня 2010 году бел чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы.
Пасяджэнне распачнецца ў 10.30 у зале №8 Першамайскага райсуду (г.Віцебск, вул.Гарбачэўскага, 26).