На Аршанскім філіале электрычных сетак каля 50 чалавек выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу
Прычынай гэтага стала скасаванне дадатковых выплат па шкоднасці. Каля двух тыдняў таму рабочыя атрымалі разліковыя квіткі за студзень 2011 года. У іх адсутнічалі налічэнні за шкодныя ўмовы працы. У выніку кожны з работнікаў не далічыўся каля 100 тысяч рублёў.
“Пасля таго, як мы ўбачылі, што па незразумелых прычынах нам не даплацілі грошы за шкоднасць, то запатрабавалі, каб нам патлумачылі начальнік планавага аддзелу і кіраўнік дзяржаўнага прафсаюзу, на якой падставе гэта зроблена. Іх мы запрасілі ў актавую залу, - расказвае Юрый, адзін з кіроўцаў. -- На наступны дзень каля 50 работнікаў, якія атрымлівалі выплаты за шкоднасць, а гэта кіроўцы, слесары, токары, матарысты і іншыя, сабраліся ў актавай зале аршанскіх электрасетак, каб атрымаць тлумачэнні, на падставе чаго і з якой нагоды ім не даплацілі грошы. Спачатку начальства сказала, што ніхто з работнікамі размаўляць не будзе і каб усе разыходзіліся па працоўных месцах, аднак работнікі не падпарадкаваліся гэтаму загаду. Каля гадзіны яны чакалі прадстаўнікоў адміністрацыі. За гэты час мы склалі калектыўную заяву аб выхадзе з дзяржаўнага прафсаюзу, якую падпісалі ўсе прысутныя. Нехта з прысутных паведаміў кіраўніцтву, што ўсе пачалі выходзіць з прафсаюзу, і толькі тады імгненна прыбеглі кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Аляксандр Іваноў, начальнік планавага аддзелу спадар Алёшын, галоўны бухгалтар, намеснік дырэктара прадпрыемства і начальнік аддзела па ахове працы спадар Салянік”, - працягвае Юрый.
“Пад час размовы нам паведамілі, што ёсць загад, паводле якога нам не будуць рабіць выплаты. Прычыну гэтага яны не назвалі, як і паказаць гэты загад таксама адмовіліся. Фактычна на ўсе пытанні яны адказвалі, што некампетэнтныя на іх нешта адказваць. Яны хацелі, каб сустрэчу перанеслі на тыдзень пазней. На пытанне, чаму работнікам аршанскага філіялу гэтыя выплаты скасавалі, а віцебскім і полацкім і іншым філіялам не, яны адказалі, што праводзіцца нешта кшталту эксперыменту, і наш філіял першы”, - кажа кіроўца.
“Праз тыдзень мы зноўку сабраліся, і нам ужо паведамілі, што выплаты за шкоднасць будуць вернуты за студзень, і іх будуць плаціць надалей. Загаду нам так і не паказалі, верагодна, яго проста і няма ў прыродзе. Проста такім чынам на нас хацелі сэканоміць”, - гаворыць Юрый.
Рабочыя адзначаюць, што пасля іхняга спантаннага выхаду з прафсаюзу адміністрацыя прадпрыемства пайшла на шэраг саступак – абяцалі ўзняць заробак, пагадзіліся выдаваць камандзіровачныя наперад, уключаць каларыферы ў гаражах для ацяплення памяшканняў, а таксама абяцалі ў час выдаваць мыла і працоўныя пальчаткі. Дырэктар загадаў начальнікам не пазвышаць голас на сваіх работнікаў, маўляў, што толькі ён мае права гэта рабіць.
Юрый таксама адзначае, што дырэктар прасіў перагледзець пытанне да выхаду з дзяржаўнага прафсаюзу пасля таго, як будзе выкананы шэраг патрабаванняў работнікаў. Начальнік планавага аддзелу хацеў вылічыць з кожнага прысутнага ў актавай зале па дзьве гадзіны, якія нібыта рабочыя не працавалі, аднак сустрэў з гэтай нагоды толькі непаразуменне, у тым ліку з боку дырэкцыі. Заява аб калектыўным выхадзе з прафсаюза занесена ў прафкам і зарэгістравана. Работнікі не ведаюць, за што яны плоцяць прафсаюзныя складкі, бо карысці ад прафсаюзу ніякага – ён не абараняе іх правы, а толькі праводзіць культурныя паездкі і адпачынакі для адміністрацыі прадпрыемства.