У Брэсцкім раёне ўлады забаранілі ўсе пікеты супраць збяднення насельніцтва
Ладзіць тры падобныя акцыі ў вёсках Страдзеч, Знаменка і гарадскім пасёлку Дамачава збіраліся мясцовыя актывісты Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, аднак пад рознымі падставамі ўлады не далі дазвол на правядзенне пікетаў.
Як паведаміў старшыня Брэсцкай раённай арганізацыі партыі Анатоль Новік, у вёсцы Страдзеч пікет быў забаронены таму, што арганізатары не падпісалі дамову з органамі ўнутраных справаў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам. Прычынай адмовы ў вёсцы Знаменка сталася тое, што заяўнік пікету не ўказаў дату свайго нараджэння, у пасёлку Дамачава нібыта быў парушаны ўстаноўлены тэрмiн для падачы заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства.
Анатоль Новік сцвярджае, што ніякіх тэрмінаў заяўнік не
парушалі і накіравалі заяўку за 15 дзён да планаванай акцыі, як таго патрабуе
заканадаўства. Што тычыцца дамоваў з пазначанымі установамі ўнутраных справаў,
аховы здароўя і камунальнымі службамі, дык гэта рабіць у сённяшніх умовах
нерэальна, бо дамовы заключаюцца ў тым выпадку, калі акцыя дазволена
ўладамі.
На думку партыйнага актывіста, рэальная прычына забароны пікетаў у тым, што чыноўнікі
баяцца такіх акцый, бо разумеюць: незадаволенасць людзей сацыяльна-эканамічнай
сітуацыяй у краіне расце з кожным днём. “Таму ўлада імкнецца не дапусціць
публічнага выказвання пратэсту”, - лічыць Анатоль Новік. Тым не менш, актывісты
партыі “Справядлівы свет” маюць намер працягваць настойваць на правядзенне такіх
акцый і ў сакавіку збіраюцца падаць не менш за 15 заявак на падобныя пікеты
супраць збяднення насельніцтва ў розных населеных пунктах Брэсцкага раёна.