Рэдактара "ННВ" Сяргея Серабро выклікаюць у транспартную міліцыю
Прычына выкліку – інфармацыя пра вывешаны 8 лютага бел-чырвона-белы сцяг, а таксама фотаздымкі, змешчаныя на незалежным сайце "Народныя Навіны Віцебска".
Сяргей Серабро – аўтар інфармацыі, дзе паведамлялася, што сцяг быў вывешаны на знак салідарнасці са зняволеным у СІЗА сябрам КХП БНФ Сяргеем Каваленкам, і што вывесілі яго браты Сурганы, актывісты "Маладой Беларусі".
Падчас тэлефоннай размовы з начальнікам транспартнай міліцыі сп. Серабро зазначыў, што хоча скарыстацца правам журналіста не выдаваць крыніцы канфідэнцыйнай інфармацыі, пакуль справа пра бел-чырвона-белы сцяг не дайшла да суду. Начальнік міліцыі сказаў, што гэта трэба занатаваць, і што журналіста ўсё адно чакаюць для тлумачэнняў.
"Калі я фатаграфаваў сцяг, супрацоўнікі транспартнай міліцыі мяне затрымалі. Спачатку хацелі запатрабаваць, каб я выдаліў здымкі, але не знайшлося падставаў для гэтага. Я паказаў пасведчанне журналіста БелаПАН, і мяне адпусцілі, перапісаўшы асабістыя дадзеныя. Цяпер імі скарысталіся, каб мяне адшукаць ды ўзяць тумачэнні", - кажа Сяргей Серабро.