Журналістку “Белсата” выдалілі з суда
Журналістку тэлеканала “Белсат” Таццяну Бублікаву выдалілі з суда і ледзь не прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за спробу сфатаграфаваць супрацоўніка міліцыі. Інцыдэнт адбыўся ў судзе Гродзенскага раёна, дзе агалошвалі прысуд былому міліцыянту Дзінасу Лінкусу.
Дзінас Лінкус, якога некалькі дзён таму перавялі на пасаду начальніка ўпраўлення Дэпартамента аховы Гродзеншчыны, збіў свайго падначаленага. На судовых працэсах таксама прысутнічалі актывісты кампаніі «Наш дом», якія распавядалі, як Лінкус, яшчэ працуючы ў Мінску, затрымліваў актывістаў апазіцыі, здзекаваўся і пагражаў ужыць сілу.
У выніку журналістам забаранілі здымаць нават агалошванне прысуду міліцыянту. Распавядае Таццяна Бублікава:
- Я туды паехала матэрыял рабіць. Мяне на самым уваходзе папярэдзілі ахоўнікі, што аўдыё і відэаздымка забароненая. Я ім адказала, што добра ведаю, што не забароненая. Аўдыё ўвогуле не рэгулюецца, пішы колькі хочаш. Я зайшла ў залю суда і пачала здымаць пакуль суддзя не прыйшла. Пакуль суддзя не прыйшла, значыць працэсу няма. Хацелі ў мяне тэлефон забраць, хацелі, каб я сама выйшла з залі суда. Я кажу, што гэта за бязмежжа такое, суддзя вырашыць, каб я пайшла, тады я пайду.
Таццяна Бублікава ўсё ж была выдаленая з судовай залі. Журналістка называе паводзіны міліцыянтаў відавочным самаўпраўствам.
Дзінас Лінкус атрымаў 4 гады ўзмоцненага рэжыму. Міліцыянта прызналі вінаватым у збіцці начальніка Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы Аляксея Сяргея, аднак да ўступлення прысуду ў сілу Лінкус па рашэнні суда застанецца на волі.