Савет Рэспублікі не падтрымаў прапанову гомельскіх апазіцыянераў прывесці адміністрацыйнае заканадаўства ў адпаведнасць Канстытуцыі
Адміністрацыя прэзідэнта і Савет Рэспублікі адказалі адмовай на заяву гомельскіх апазіцыянераў ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом прапанову прывесці адміністрацыйнае заканадаўства ў адпаведнасць Канстытуцыі і Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Адміністрацыя прэзідэнта наогул не разгледзела зварот Уладзіміра Кацоры і Уладзіміра Няпомняшчых па сутнасці, а Савет Рэспублікі даў адказ, што адміністрацыйнае заканадаўства, а менавіта Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях адпавядае Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту.
Нагодай для звароту да Прэзідэнта і ў Савет Рэспублікі стаў факт затрымання да суду і змяшчэнне ў ІЧУ гомельскіх апазіцыянераў напярэдадні і ў дзень правядзення Народнага сходу 8 кастрычніка. Актывісты прабылі выходныя ў ізалятары, а ў панядзелак, 10 кастрычніка, суд пакараў іх штрафам за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Пытанне пра законнасць утрымання апазіцыянераў некалькі сутак ў ІЧУ павісла ў паветры.
Дарэчы, на гэты конт нормы ПВКаАП гавораць, што асобы, якія падазраюцца ў здзяйсненні правапарушэння, «могуць быць затрыманыя». «То бок адміністрацыйнае затрыманне з'яўляецца правам, а не абавязкам міліцыянераў, адпаведна, норма закону «могуць быць затрыманы» у дадзеным выпадку была выкарыстана зыходзячы толькі з суб'ектыўнага меркавання супрацоўнікаў міліцыі. Артыкул 8.4 ПВКаАП у частцы зместу тэрміну «асоба, якая здзейсніла правапарушэнне», супярэчыць прэзумпцыі невінаватасці, устаноўленай артыкулам 2.7 ПВКаАП. Лічым, што пералічаныя калізіі адміністрацыйнага заканадаўства на практыцы прывялі да парушэння нашага права на свабоду і асабістую недатыкальнасць», - даводзілі ў сваёй заяве апазіцыянеры. Яны прасілі Прэзідэнта і Савет Рэспублікі, у адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі, ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом прапанову аб прывядзенне ў адпаведнасць артыкулу 25 Канстытуцыі і артыкулу 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах норм артыкулу 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Лілія Мароз прааналізавала нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэксу ад адміністрацыйных правапарушэннях і прыйшла да высновы, што адміністрацыйнае заканадаўства не пярэчыць Канстытуцыі.
«Паколькі ў санкцыях артыкулу 23.34 КаАП у якасці аднаго са спагнанняў названы адміністрацыйны арышт, адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы ў якасці меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу адпавядае нормам артыкулу 8.2 ПвкААП», - лічыць Лілія Мароз. Яна сцвярджае, што нормы артыкулу 8.4 ПВКаАП не супярэчаць артыкулу 25 Канстытуцыі і артыкулу 9 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, і не парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян. Адпаведна, Пастаянная камісія Савета Рэспублікі лічыць, што няма падстаў для ўнясення прапаноў у Канстытуцыйны суд.