Прафсаюз РЭП падтрымаў рабочых “Граніта”
Актывісты Брэсцкага рэгіянальнага аддзялення Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) прынялі заяву, ў якой выказваюць падтрымку тым, хто працуе на РУПП “Граніт” у Мікашэвічах і выказаў жаданне стварыць на гэтым прадпрыемстве суполку незалежнага прафсаюза.
Як паведаміла кіраўнік брэсцкага аддзялення прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк (на фота), адміністрацыяй “Граніта” і мясцовымі ўладамі зноў выкарыстоўваецца механізм пагроз і ціску ў дачыненні да рабочых прадпрыемства і іх сваякоў. Робіцца гэта, не зваважаючы на Канстытуцыю РБ і дакументы Міжнароднай арганізацыі працы, якія гарантуюць права на свабоду аб’яднанняў.
“Рабочыя “Граніта” самаарганізаваліся і вырашылі стварыць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюза, - заўважае Зінаіда Міхнюк. – Гэта робіцца цалкам у адпаведнасці з Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі, а таксама Статутам БНП і міжнароднымі нормамі. Таму актывісты нашага прафсаюза выказваюць рашучы пратэст з нагоды дзеянняў цяперашняга кіраўнітцва “Граніта” і прадстаўнікоў мясцовай улады, якія ўмешваюцца ў працэс стварэння новай суполкі”.
У прынятай заяве брэсцкія сябры прафсаюза РЭП патрабуюць адміністрацыю “Граніта” прадставіць юрыдычны адрас для рэгістрацыі новай прафсаюзнай арганізацыі, спыніць ціск і запалохванне рабочых і іх сем’яў, а таксама выказваюць сваю салідарнасць з тымі, хто адстойвае свае законныя правы і інтарэсы. Акрамя таго, аўтары заявы паведамляюць пра пачатак збору ахвяраванняў для матэрыяльнай дапамогі сябрам БНП з ліку рабочых “Граніта”, што церпяць пераслед ад дзеянняў адміністрацыі прадпрыемства і ўладаў.