Брэст: ФПБ не задаволена асвятленнем падзеяў на “Граніце”
Кіраўніцтва Брэсцкага абласнога аб’яднання Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) вырашыла адрэагаваць на публікацыі ў незалежным выданні “Брестский курьер”, датычныя падзей на прадпрыемстве “Граніт” у Мікашэвічах, дзе працоўныя заявілі пра выхад з афіцыйнага прафсаюза і стварэнне незалежнай суполкі.
У сваім лісце старшыня абласнога аб’яднання ФПБ Мікалай Басалай заўважае, што аўтар публікацый Алег Супрунюк робіць “дрэнную” рэч, калі не толькі распавядае пра намер працоўных “Граніта” стварыць незалежны прафсаюз, які б адстойваў іх інтарэсы, але і падае меркаванне наконт падзеяў у Мікашэвічах кіраўніка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука. Далейшы змест ліста мясцовага функцыянера ФПБ фактычна ўтрымлівае дыскусію з пунктам гледжання лідара незалежнага прафсаюзнага руху.
“У тым, што кіраўніцтва Брэсцкага абласнога аб’яднання ФПБ вырашыла ўрэшце выказацца наконт сітуацыі на “Граніце”, нічога дрэннага не бачу, – кажа аўтар артыкулаў у газеце “Брестский курьер” Алег Супрунюк. – Але здзіўляе той факт, што ФПБ лічыць дрэннай з’явай, калі ў друку змяшчаецца, акрамя афіцыйнай версіі падзеяў, яшчэ і меркаванне тых, хто прытрымліваецца іншых поглядаў”.
Варта таксама адзначыць, што ліст ад Мікалая Басалая трапіў у рэдакцыю “Брестского курьера” з электроннага адраса ўпраўлення ідэалагічнай працы Брэсцкага аблвыканкама. Акрамя таго, гэты тэкст быў распаўсюджаны сярод іншых выданняў Брэстчыны.