Вярхоўны суд адхіліў скаргу на прысуд палітвязьню Эдуарду Лобаву
Вярхоўны суд не задаволіў скаргу адваката на прысуд актывісту «Маладога фронту» Эдуарду Лобаву, які адбывае пакараньне 4 гадамі калёніі.
Адвакат спрабаваў аспрэчыць прысуд, але судзьдзі палічылі яго
справядлівым. «Паведамілі, што наглядная скарга адхіленая ў сувязі
з тым, што лічаць паказаньні пацярпелых праўдзівымі», — паведаміла
«Свабодзе» маці палітвязьня Марына Лобава.
Эдуард Лобаў і Зьміцер Дашкевіч былі асуджаныя паводле
абвінавачаньня ў злосным хуліганстве — паводле сьледзтва, за дзень
да прэзыдэнціх выбараў актывісты нібыта зьбілі мінакоў на вуліцы Янкі
Брыля ў Менску. У судзе пацярпелыя давалі паказаньні за зачыненымі
дзьвярыма, нават іх прозьвішчы не былі названыя. Эдуард Лобаў і Зьміцер
Дашкевіч заявілі, што інцыдэнт стаў вынікам правакацыі спэцслужбаў
з мэтай ізаляваць іх у дзень выбараў, 19 сьнежня 2010 году.
Эдуард Лобаў адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. У адзіночцы
ў Глыбоцкай турме сядзіць ягоны аднадумец Зьміцер Дашкевіч, якога
пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі.
«Мы ўвесь шлях абскарджваньня прысуду тут у Беларусі ўжо прайшлі,
таксама без станоўчага выніку, і цяпер рыхтуем скаргу ў міжнародныя
судовыя інстанцыі», — паведаміла пра справы Зьмітра Дашкевіча ягоная
нявеста Наста Палажанка.