viasna on patreon

Суд стаў на бок Белтэлерадыёкампаніі

2012 2012-02-01T16:52:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bt.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 лютага суддзя суду Першамайскага раёну Мінска Анастасся Рагачоўская вынесла рашэнне па скарзе жыхара Гомеля, актывіста Руху «За свабоду!» Аляксандра Працко. Ён падаваў скаргу супраць Белтэлерадыёкампаніі як прадстаўнік сваёй дачкі, якая ў дадзены момант знаходзіцца ў калоніі. Галіна Працко была затрымана міліцыяй ў жніўні 2010 года, яна з’яўлялася падазраванай па сур'ёзнаму артыкулу Крымінальнага кодэксу – гандаль людзьмі. Хоць на той час жанчына не мела статуса абвінавачанай па крымінальнай справе, яе паказалі па тэлебачанні ў перадачы «Зона X», сцвярджаючы, што гамяльчанка займалася крымінальным бізнесам. Такім чынам, наўпрост была парушана прэзумпцыя невінаватасці і правы Галіны Працко – яна была абражана, і пацярпела яе асабістая годнасць.

Цікава, што, выступаючы ў судзе, прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі сцвярджаў, што гэтыя здымкі рабілі не супрацоўнікі тэлебачання. Такім чынам, Белтэлерадыёкампанія не нясе адказнасці за сюжэт. Аляксандр Працко ў судзе прадэманстраваў доказы паклёпу на дачку, а менавіта -- запіс на дыску дадзенага відэасюжэту. Тым не менш, суддзя прыйшла да высновы, што нічога абразлівага ў сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні не было, і адхіліла скаргу.

«Я не згодзен з такім рашэннем суду. Пачакаем матывіровачную частку рашэння і будзем яго абскарджваць у Мінскім гарадскім судзе», - пракаментаваў Аляксандр Працко.

У лістападзе 2011 года гомельскі суд не задаволіў іск зняволенай Галіны Працко, якая патрабавала спагнаць кампенсацыю за маральную і фізічную шкоду з гомельскага следчага ізалятара (СІЗА-3). У заяве ў суд яна сцвярджала, што падчас зняволення набыла некалькі хвароб, у прыватнасці, захворванне нервовай сістэмы, хваробу Рэйно, захворванні ўнутраных органаў, скуры, педыкулёз. Зняволеная даводзіла, што медычная дапамога ёй не аказвалася, і таму яна набыла столькі захворванняў.

27-гадовая жанчына больш за год знаходзілася у гомельскім СІЗА, бо столькі цягнулася следства па абвінавачванні яе ў здзяйсненні крымінальнага злачынства - гандлю людзьмі. Першапачаткова жанчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 7 гадоў. Але ў выніку шматлікіх скаргаў абласны суд перакваліфікаваў абвінавачванне і змякчыў прысуд на пяць гадоў. Прычым артыкул «гандаль людзьмі» быў наогул ануляваны ў абвінавачванні. У рэшце жанчына пакарана 2 гадамі калоніі за ўцягванне ў занятак прастытуцыяй. Але і дадзеныя факты – ануляванне артыкулу «гандаль людзьмі», не дапамаглі Аляксандру Працко спагнаць маральную шкоду з Белтэлерадыёкампаніі, у сюжэце якой наўпрост сцвярджалася, што Галіна Працко займалася гандлем людзьмі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства