Заява Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў на арышт Алега Волчака
Абсерваторыя па Абароне Праваабаронцаў
BLR 001 / 0112 / OBS 014.1
Адвольнае затрыманне / Юрыдычны пераслед
Беларусь
31 студзеня 2012
ТЭРМІНОВЫ ЗВАРОТ
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Міжнароднай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.
Новая інфармацыя:
Абсерваторыя была праінфармаваная надзейнымі крыніцамі аб асуджэнні сп. Алега Волчака, старшыні “Прававой дапамогі насельніцтву” (арганізацыі, якая займалася юрыдычнай дапамогай і была ліквідаваная ў 2003 г.), да 4 сутак адміністратыўнага арышту. Арганізацыя нядаўна апублікавала справаздачу пра суд над сп. Алесем Бяляцкім, старшынёй ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнтам FIDH. У апошні час праца сп. Волчака была засяроджаная не толькі на палітзняволеных.
Паводле атрыманых звестак, 30 студзеня 2012 г. сп. Алег Волчак быў прысуджаны да 4 сутак адміністратыўнага арышту суддзёй суда Цэнтральнага раёна г. Мінска Якунчыхіным па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы на вуліцы (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, “дробнае хуліганства”). Сп. Алег Волчак, які адмаўляў ужыванне нецэнзурных выразаў, быў прызнаны вінаватым паводле паказанняў намесніка старшыні Цэнтральнага Упраўлення ўнутраных справаў г. Мінска Антона Шахлая.
Падчас выходных ён утрымліваўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.
Абсерваторыя рашуча асуджае прысуд сп. Алегу Волчаку, які падаецца скіраваным на пераслед за ягоную праваабарончую дзейнасць, і заклікае да ягонага неадкладнага вызвалення.
Агульныя звесткі:
Каля 15:35 27 студзеня 2012 года сп. Алег Волчак быў арыштаваны міліцыяй непадалёк ад бульвара Шаўчэнкі ў Менску ў сувязі з абвінавачваннем у “хуліганстве” артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях). Дакладныя прычыны яго затрымання былі невядомыя на той час.
Патрэбныя дзеянні:
Абсерваторыя заклікае ўлады Беларусі:
1. Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць сп. Алега Волчака, як і ўсіх праваабаронцаў Беларусі;
2. Неадкладна і безумоўна вызваліць сп. Алега Волчака, паколькі яго затрыманне з'яўляецца адвольным;
3. Пакласці канец усім формам пераследу супраць яго, у тым ліку на юрыдычным узроўні, як і ўвогуле супраць усіх праваабаронцаў у краіне;
4. Прытрымлівацца прадпісанняў Дэкларацыі ААН аб Праваабаронцах, у прыватнасці:
- Артыкула 1, паводле якога “кожны мае права, адзінаасобна і ў аб'яднанні з іншымі, займацца заахвочваннем, абаронай і рэалізацыяй правоў чалавека і асноўных свабодаў на дзяржаўным і міжнародным узроўні”,
- Артыкула 12.2, у якім абвяшчаецца, што “дзяржава павінна прымаць неабходныя меры дзеля забеспячэння абароны кампетэнтнымі органамі кожнага, як адзінаасобна так і ў аб'яднанні з іншымі, ад любых відаў гвалту, пагроз, помсты, дыскрымінацыі дэ факта і дэ юрэ, ўціску або якіх-небудзь іншых адвольных дзеянняў у якасці наступства за законную рэалізацыю правоў, выкладзеных у дадзенай Дэкларацыі”;
5. Увогуле забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека ды міжнароднымі і рэгіянальнымі праваабарончымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.
Парыж-Жэнева, 31 студзеня 2012