viasna on patreon

“Чаго мы хочам дасягнуць?”

2012 2012-01-31T18:09:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiackialies-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Прапануем эсэ Алеся Бяляцкага, надрукаванае па-швецку ў зборніку, што выйшаў у 2007 годзе ў Стакгольме, перакладзенае на беларускую мову.

“Ёсьць шмат шляхоў, якія могуць прывесьці да праваабарончай дзейнасьці. Маёй марай было правесьці жыцьцё за вывучэньнем беларускай літаратуры. Аднойчы ў 1980-ых, седзячы ў закрытых архівах Акадэміі Навук у Менску, я склаў сьпіс з соцень імёнаў невядомых грамадству беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў, мастакоў, публіцыстаў і журналістаў, якія загінулі падчас сталінскіх зачыстак у 1930-ыя гады, і творчасьць якіх старанна хавалася ўладамі, паколькі гэтыя інтэлігенты прытрымліваліся “няправільных” поглядаў на шлях развіцьця грамадства або іх працы ўтрымлівалі нешта, на што скоса глядзела цэнзура. Культурная інтэлігенцыя Беларусі была фактычна вынішчаная ў тыя гады.

Гэта адкрыла мне паходжаньне пракаветнай боязі ўсяго, што датычыла Беларусі або дэмакратыі. Людзі добра памятаюць начны шоргат “варанкоў” (адмысловых машын, якія забіралі ворагаў народа), масавыя расстрэлы ў прыгарадных лясах, зьнікненні інтэлігентаў, сялянаў, рэлігійных дзеячаў, прадстаўнікоў нацменшасьцяў – насамрэч любога, хто ўяўляў патэнцыйную пагрозу для пануючай камуністычнай ідэалогіі.

У другой палове 1980-ых студэнты пачалі ствараць нефармальныя моладзевыя згуртаваньні. Мы прагнулі свабоды, дэмакратыі і павагі да правоў чалавека (гэтыя прынцыпы былі запісаныя ў нашай падпольнай праграме дзейнасьці). У той час было невядома, што прынясе змаганьне супраць уладаў: больш ганеньняў (што было імаверней) або развал сістэмы, у магчымасьць чаго маглі паверыць толькі юнакі кшталту нас. Мы праводзілі кожную сваю акцыю як апошнюю. У 1987 годзе ў Менску мы правялі мітынг дзеля ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Гэта быў адзін з першых дэмакратычных мітынгаў у Беларусі за 67 гадоў. Я  быў адным з арганізатараў. Каля 200 людзей сабраліся разам 30 кастрычніка, каб адзначыць 50-ую гадавіну масавых расстрэлаў беларускіх пісьменнікаў. У 1937-ым іх расстрэльвалі па некалькі чалавек у дзень пад Менскам, у лесе, абнесеным трохметровым мурам. Астанкі каля 150-ці тысячаў людзей, расстраляных камуністамі, пахаваныя тут дагэтуль, непрызнаныя ўладамі й пазбаўленыя пахавальных урачыстасцяў. У паветры веяла неспакоем і небясьпекай, паколькі мы ня ведалі, якіх наступстваў чакаць ад гэтай акцыі. Але ўлады былі ашаломленыя настолькі, што не змаглі ніяк прарэагаваць на наш мітынг, у той час як мы перасягнулі яшчэ адзін парог страху, таго страху, які здаваўся ўбудаваным у нашыя гены, у гены нашага народу.

У 1988 годзе праводзілася мерапрыемства ў гонар дня продкаў, Дзяды, да якога далучыўся і я. Даволі неспадзявана для нас, арганізатараў, і яшчэ ў большай ступені для ўладаў, мітынг прывабіў тысячы беларусаў. Міліцыя выкарыстоўвала слезацечны газ ды іншыя гвалтоўныя сродкі для разгону натоўпу. Дзясяткі людзей, уключаючы мяне, былі ўпершыню арыштаваныя і пакараныя. Грамадскае абурэньне зверствамі, учыненымі з папушчэньня ўладаў, спрычынілася да развіцьця шырокага дэмакратычнага руху ў Беларусі.

Першая праваабарончая арганізацыя, “Мартыралог Беларусі”, была заснаваная ў 1988 годзе з маім удзелам. Арганізацыя прапанавала дапамогу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў 1930-1950-ых гадоў. Жыцьці гэтых людзей увасаблялі сапраўдную гісторыю маёй краіны, якую не жадалі афішаваць улады. Прызнаць гісторыю такой, якой яна была насамрэч, азначала прызнаць сотні тысячаў ахвяраў сталінізму й тэрору, які ажыцьцяўляўся іхнымі ідэалагічнымі папярэднікамі супраць уласнага народу. Прызнаньне вымагала асуджэньня й пакаяньня, а таксама выбару новага шляху развіцьця – усяго таго, чаго зусім не жадалі ўлады.

У 1991 годзе Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Хаця й павольна, але адбываліся палітычныя зьмены, разьвіваліся шматпартыйная сістэма й незалежныя медыя, ажылі нацыянальная мова й культура, занядбаныя ў часы савецкай улады, пачалася рэгістрацыя першых недзяржаўных аб'яднаньняў (НДА). Аднак, у 1994-ым да ўлады прыйшоў былы дробны савецкі функцыянер Аляксандр Лукашэнка, вялікі папуліст і дэмагог. Галоўным рухавіком ягонай праграмы было аднаўленьне Беларусі як часткі Савецкага Саюза.

На працягу апошніх 15 гадоў мы назіралі, як здабыткі дэмакратыі пачатку 1990-ых зморшчваліся бы шчыгрынавая скура пад уціскам беларускіх уладаў, паколькі дэмакратыя, плюралізм і правы чалавека зьяўляюцца аб'ектыўнай пагрозай для постсавецкай хунты, якая узурпавала ўладу з дапамогай ілжывых абяцанак і непрыкрытай хлусьні, і валее скарыстаць любыя сродкі для як найдаўжэйшага яе ўтрыманьня.

У 1996 годзе адбыўся канстытуцыйны пераварот, у выніку якога парламент страціў усе паўнамоцтвы. У той жа час судовая ўлада апынулася пад пятой у выканаўчай, і згэтуль усе судзьдзі прызначаліся непасрэдна Лукашэнкам. У красавіку 1996 года новы ўрад упершыню з часоў атрыманьня краінай незалежнасьці ўжыў гвалт, скіраваўшы яго супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі ў гадавіну чарнобыльскай аварыі. Сотні людзей былі ўвязьненыя, многія ня ведалі, дзе знаходзяцца іхныя сябры й родныя, былі праведзеныя першыя палітычна матываваныя суды. Мы стварылі групу добраахвотнікаў для пошуку зьвестак пра ахвяраў ганеньняў і дапамогі іхным сем'ям. Так быў запачаткаваны Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Будучы прадстаўнікамі розных прафесіяў – настаўнікі, юрысты, дызайнеры, журналісты - мы спантанна ўзялі на сябе гэтыя абавязкі, паколькі ў гэтым была патрэба, і мы адчувалі, што грамадству неабходна самаарганізавацца, каб супраціўляцца гвалту з боку ўладаў.

У будучыні праца для “Вясны” стала маёй пастаяннай дзейнасьцю на многія гады. У 2003 годзе ўлады зачынілі Праваабарончы цэнтр “Вясна”, а ў 2006 годзе была ўведзеная крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нягледзячы на гэта, мы працягвалі сваю працу, дапамагаючы ахвярам палітычных ганеньняў, збіраючы й распаўсюджваючы звесткі пра правы чалавека, праводзячы навучальныя праваабарончыя семінары й незалежнае назіраньне падчас выбараў. Мы верым, што нашая праца зьяўляецца неабходнай і плённай.

На працягу 15 гадоў здавалася, што ў нашай краіне не адбываецца зьменаў да лепшага. Калі я чую крытыку наконт марнасьці нашых намаганьняў ад людзей, якія кажуць, што кожны год усё тыя ж ганеньні, ахвяры, канфіскацыі, гвалт, звальненьні з працы й выключэньні з ВНУ, я заўжды адказваю: не здавайцеся, супраціўляйцеся як толькі можаце! Укладзіце сябе цалкам у змаганне супраць наступу гвалту й двудушнасьці, якія нісходзяць на нас з калідораў улады.

Калі нам было па дваццаць галоў і мы распачалі небясьпечную гульню супраць савецкага таталітарнага строю, у Беларусі фактычна не было прэцыдэнтаў. У 1980-ыя мы былі, я б сказаў, першым пакаленьнем, якое відочна змагалася за дэмакратыю й правы чалавека. Цяпер жа ў нас дзясяткі тысяч юных паслядоўнікаў, якім патрэбная дапамога й настава ад старэйшых, больш дасьведчаных. Мы хацелі ўбачыць зьмены ў застойным савецкім грамадстве, мы спрычынілі іх і мы нясем адказнасьць за тую моладзь, якая паверыла, што нашае грамадства можна зьмяніць, і ўспрыняла нашыя ідэі стварэньня незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Гэтае пачуцьцё адказнасьці зьяўляецца тым, што дае мне сілы й вымушае мяне працягваць ісьці ў абраным кірунку.

Чаго мы хочам дасягнуць? Нас вядзе сьвятло ідэй, запаленае яшчэ ў далёкіх 1960-ых бясстрашным Андрэем Сахаравым: дэмакратычная выбарчая сістэма, плюралізм меркаваньняў, свабода слова, незалежная судовая ўлада, павага да правоў чалавека. Усё гэта падставовыя рэчы, скажаце вы, але на жаль, яны адсутнічаюць у сучаснай Беларусі. Быў адноўлены таталітарны строй, улады якога імкнуцца ўсталяваць кантроль над усімі абсягамі грамадскага жыцьця. Тысячы людзей падвяргаюцца палітычна зумоўленым ганеньням, дзясяткі незалежных медыя і сотні НДА былі ліквідаваныя, зачыненыя непрыхільныя каледжы й універсітэты. Пытаньне прысутнасьці таго ці іншага беларускага пісьменьніка ў школьнай праграме вырашаецца цэнзарам з улікам прыхільнасці апошняга да цяперашняга ўраду. У Беларусі існуе афіцыйная дзяржаўная ідэалогія – яўная азнака таталітарнага строю, і тысячы дзяржаўных ідэолагаў назіраюць за думкамі й паводзінамі працоўных і студэнтаў. Нават кіраўнік дзяржавы час ад часу прагаворваецца, ухваляючы парадак, усталяваны ў Нямеччыне Гітлерам, або выказваючы нязгоду з гісторыкамі, якія, на ягонае меркаваньне, прымяньшаюць веліч Леніна й Сталіна.

Няма незалежных судоў, у той час як міліцыя, пракуратура й перадусім КДБ скіроўваюць усе свае намаганьні на нейтралізацыю грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія процістаяць цяперашняму ўраду. Арышты, вобшукі й адміністратыўныя суды праходзяць штодня, а штрафы й суткі раздаюцца шчодрай рукой. Студэнтаў выключаюць з універсітэтаў, актывісты застаюцца бяз працы, а іхныя сем'і падвяргаюцца ўціску.

Аднак, нягледзячы на ўсе нягоды, я гляджу ў будучыню з аптымізмам. Я ўпэўнены, што прыйдзе час, калі плаціна страху й хлусні, з такой цяжкасьцю ўзведзеная цяперашнім беларускім урадам, здрыганецца й абваліцца, зьнесеная хваляй людской волі да правоў чалавека, дэмакратыі й свабоды. У гэтым я маю шмат надзеі на беларускую моладзь, якая пабывала за мяжой і можа параўнаць жыцьцёвыя стандарты й стаўленьне да чалавечай годнасьці ў цывілізаваных краінах, якая хоча ўбачыць зьмены ў Беларусі, для якой еўрапейскія каштоўнасьці правоў чалавека й дэмакратыі не пусты гук, якая не настолькі запалоханая, як старэйшае пакаленьне. І такой моладзі ў Беларусі большасьць.

Я ўпэўнены, што мы можам зьмяніць сістэму, але дэмакратычным сілам, якія зараз існуюць у Беларусі й змагаюцца супраць таталітарнага строю, патрэбная маральная й матэрыяльная падтрымка. Нам патрэбная падтрымка дэмакратычных НДА, дэмакратычных палітычных партый, незалежных медыя, незалежных прафсаюзаў, моладзевых і жаночых ініцыятываў. Нам патрэбна прымусіць рэжым усьвядоміць ясна й адназначна, што паляпшэньне эканамічных або любых іншых адносін з цывілізаваным дэмакратычным сьветам немагчымае бяз зьменаў унутранага становішча ў краіне.

Калі мяне пытаюць, ці не хацеў бы я зьехаць з Беларусі, дзе час, здаецца, спыніўся 10 гадоў таму, мой адназначны адказ - «не». Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, мне прыемна жыць і працаваць у Беларусі. Многія людзі падтрымліваюць нас і зьвязваюць з намі свае надзеі. Мы распачалі дэмакратычны рух у нашай краіне не для таго, каб спыніцца на паўдарозе да мэты. Мы, беларускія праваабаронцы, ступаем па нашай зямлі з упэўненасьцю. Мы ўпэўненыя ў канчатковым выніку нашай барацьбы. Няма сумневу, што было б немагчыма рабіць усё, што мы робім, без аднадумцаў і саратнікаў.

Што ж мы будзем рабіць апасьля? Як толькі зьменіцца грамадска-палітычнае становішча ў нашай краіне, мы мусім дасягнуць найхутчэйшай, наколькі гэта ў чалавечых сілах, дэлукашызацыі нашага грамадства. Нам спатрэбіцца выкрыць усе злачынствы, зьдзейсьненыя ўладамі, дамагчыся афіцыйнага разьвянчаньня й асуджэньня лукашэнкаўскай ідэалогіі і правядзеньня люстрацыі сярод яе паборнікаў, ідэолагаў, пракурораў, судзьдзяў, чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэта дзяржаўнай бясьпекі ды іншых органаў перасьледу, якія прымалі ўдзел у сістэматычным парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Нам спатрэбіцца неадкладная рэформа турэмнай сістэмы, якая на цяперашні момант стварае бесчалавечныя ўмовы зняволеньня. Нам трэба будзе ўсталяваць эфектыўнае праваабарончае назіраньне й правесьці адпаведныя зьмены ў беларускім заканадаўстве. Нам трэба будзе ўвесьці такую праваабарончую адукацыю ў школах і ўніверсітэтах, якая была б адначасна захапляльнай і дзейнай.

У нас будзе поўна справаў. І нам спатрэбіцца прыкласьці ўсе намаганьні, сілы й практычны досьвед, каб забясьпечыць незваротны адыход эпохі дыктатуры й таталітарызму ў мінулае”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства