Суд па скарзе брэсцкіх актывістаў Руху “За свабоду” прызначаны на 27 студзеня
У судзе Ленінскага раёна Брэста адбылося папярэдняе судовае паседжанне наконт скаргі мясцовых актывістаў Руху “За свабоду”, датычнай адмовы Брэсцкага гарвыканкама прадстаўляць інфармацыю пра рэканструкцыю гандлёвага цэнтра “Масква”.
У прыватнасці, актывістаў грамадскай арганізацыі цікавіла, ці быў узгоднены архітэктурны план рэканструкцыі гэтага збудавання прадпрыемствам "Санта-Сервіс" з Міністэрствам культуры. Аднак адказ намесніка старшыні гарвыканкама Вячаслава Хафізава не ўтрымліваў неабходных тлумачэнняў, і сябры Руху “За свабоду” успрынялі такі ліст ад уладаў як звычайную адпіску.
Як паведміў ініцыятар падачы скаргі ў суд Сяргей Вакуленка, 24 студзеня адбылося папярэдняе паседжанне. Падчас яго высветлілася, што сапраўды існуюць адпаведныя рашэнні наконт будынка гандлёвага цэнтра на праспекце Машэрава ў Брэсце, хаця раней у гарвыканкаме запэўнівалі, што такіх дакументаў няма. Асноўнае судовае паседжанне па гэтай справе прызначана на 27 студзеня.