Учора ў Магілёве быў затрыманы Анатоль Лябедзька
10 жніўня ў Магілёве ля сядзібы абласной арганізацыі АГП была затрыманая машына старшыні Абяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Паўтары гадзіны Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік у партыі Ігар Шынкарык знаходзіліся ў апорным пункце.
У размове з Радыё Свабода кіраўнік магілёўскай арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў паведаміў, што ў Магілёве Анатоль Лябедзька сутыкнуўся зь перашкодамі. Лябедзьку не ўдалося сустрэцца з палітвязьнем Артурам Фінькевічам за гадзіну да прызначанай сустрэчы Фінькевіча вывезьлі ў невядомае месца.
Не ўдалося старшыню АГП трапіць і ў будынак Ленінскага раённага суду Магілёва, дзе ён зьбіраўся атрымаць пастанову суду, паводле якой яго ў часе перадвыбарчай кампаніі пакаралі на 50 базавых велічыняў, палічыўшы вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу.
Паводле Ўладзімера Шанцава, сакратарка суду сама вынесла пастанову і, не праверыўшы асобы, уручыла яе Анатолю Лябедзьку, адразу ж выправоджваючы таго за парог.