viasna on patreon

Мікалай Уласевіч нанёс прадпрымальніку “маральных стратаў” на мільён рублёў

2012 2012-01-17T09:48:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ulasevichmikola.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Уласевіч

Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Уласевіч

Пастановай суду Ашмянскага раёну часткова задаволены пазоў індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара будаўнічай фірмы Андрэя Дзятко да грамадскага актывіста з мястэчка Варняны, каардынатара рэгіянальнай ініцыятывы “Астравецкая атамная станцыя – гэта злачынства” Мікалая Уласевіча. Ісцец патрабаваў 30 мільёнаў беларускіх рублёў як кампенсацыю яму маральных стратаў. Суд вызначыў, што Уласевіч мусіць выплаціць яму 1 мільён рублёў, а судовыя выдаткі бакі мусяць сплаціць папалам.

Нагадаем, што прычынай працэсу стала скарга Уласевіча, якую ён падаў яшчэ ў красавіку 2011 году на шматразовыя злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі старшыні Астравецкага райвыканкаму Адама Кавалько. Скарга была накіравана ў Генеральную пракуратуру і Савет Бяспекі пры прэзідэнце. Вынікам стала тое, што адзін з фігурантаў скаргі па фактах парушэння заканадаўства, індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Дзятко, які на думку Уласевіча неаднаразова атрымліваў прэферэнцыі ад галоўнага “вертыкальшчыка” раёну, падаў на грамадскага праваабаронца ў мясцовы суд. Справа мусіла разглядацца ў Астравецкім раённым судзе, але нечакана была перанесена ў Ашмянскі. Працэс некалькі разоў пераносіўся і завяршыўся толькі зараз.

Мікалай Уласевіч катэгарычна не згодзен з такой пастановай Ашмянскага раённага суду і мае намер абскардзіць яе у касацыйным парадку. Вось як ён каментуе вынікі суду:

“Нібыта рашэнне суду больш чым “міласэрнае”. Аднак, не ўсё так адназначна. Праблема палягае ў тым, што пастанова гэтага суду – гэта не канец маіх выпрабаванняў, а толькі пачатак. Менавіта такую пагрозу агучыў на мой адрас пасля абвешчання прысуду ў значнай ступені расчараваны Дзятко. З іншага боку, пастанова суду адкрывае шырокую дарогу для далейшай эскалацыі судовых іскаў у дачыненні мяне з боку іншых “пакрыўджаных” асобаў, найперш старшыні Астравецкага райвыканкаму Кавалько. Насамрэч у судзе, які адбыўся, абсалютна без доказаў, насуперак ранейшым вынікам праверкі праваахоўных органаў, былі адкінутыя звесткі, якія змешчаны ў маім звароце да Генеральнага пракурора і ў Савет Бяспекі, якія пры тым цалкам пацверджаны матэрыяламі праведзенай праверкі адпаведным аддзелам УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Суд да ўсяго не ўлічыў, што А. Дзятко – не проста прадпрымальнік, а старшыня Савету дырэктараў раёну, а значыць службовая асоба па-сутнасці райвыканкамаўскай структуры. Сутнасць усёй гэтай справы ў тым, што ўлада імкнецца заткнуць мне рот і не дапусціць крымінальнай справы ў дачыненні да старшыні Астравецкага райвыканкаму, знішчыць “непатрэбныя” матэрыялы праверкі. Для мяне відавочна, што гэты прысуд чарговы крок у пераследзе мяне за актыўную грамадскую дзейнасць, у тым ліку за вядзенне кампаніі супраць пабудовы пад Варнянамі АЭС”.        

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства