viasna on patreon

Суд спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні Уладзіміра Няпомняшчых

2012 2012-01-11T11:50:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

Суддзя Цэнральнага раёна Гомеля Алена Цалкова 11 студзеня прыняла пастанову: спыніць  адміністрацыйную справу ў дачыненні Уладзіміра Няпомняшчых за «брудную лаянку» (арт. 17.1 КаАП) у сувязі з недаказанасцю яго віны. То бок – міліцыянеры не змаглі даказаць у судзе, што актывіст АГП і Руху «За свабоду», пенсіянер МУС лаяўся матам. Імаверна, гэта першы «палітычны» працэс у Гомелі, калі не «даказалі» у судзе факт бруднай лаянкі з боку апазіцыянера.

Нагадаем, у судзе гомельскія міліцыянеры адмовіліся пацвярджаць словы калегі Валеры Амельчанка, што Уладзімір Няпомняшчых брудна лаяўся.

У судзе Цэнтральнага раёна 10 студзеня праходзіла новае судовае слуханне адміністрацыйнай справы ў дачыненні Уладзіміра Няпомняшчых. Апазіцыянер быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка, напярэдадні Народнага сходу, за расклейванне ўлётак да мерапрыемства. На яго былі складзены два пратаколы – за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП), і дробнае хуліганства (17.1 КаАП). Адразу ж пасля затрымання Уладзімір Няпомняшчых быў дастаўлены ў ІЧУ, дзе правёў двое з паловай сутак да суду.

Калі верыць міліцэйскаму пратаколу, то два правапарушэнні актывіст здзейсніў у адзін час – у 22.50. Больш таго – пратаколу аб дробным хуліганстве, а менавіта бруднай лаянцы, Уладзімір Няпомняшчых нават у вочы не бачыў, пакуль яго не выклікалі па позве ў суд. Гэта пацвярджаецца тым фактам, што на пратаколе не было подпісу затрыманага, ці запісу аб тым, што ён адмовіўся ад подпісу. А пратакол па артыкулу 23.34 быў складзены толькі 8 кастрычніка, калі апазіцыянер знаходзіўся ў ІЧУ. Міліцыянер, які затрымліваў актывіста, Валер Амельчанка, пратакол аб дробным хуліганстве нават не зарэгістраваў, пакінуў там не запоўненымі неабходныя раздзелы, а на судовых паседжаннях увесь час блытаўся ў паказаннях і змяняў іх.

5 снежня суддзя Алена Цалкова прыняла пастанову – адправіць пратакол на дапрацоўку. Але праз больш чым месяц, 10 студзеня, аказалася, што пратакол застаўся амаль такім жа, як і ў першапачатковым выглядзе. Толькі ў незапоўнены раздзел міліцыянер Амельчанка ўжо 31 снежня дапісаў, што Няпомняшчых адмовіўся ад подпісу. На дадзены факт падчас суда актывіст звярнуў увагу суддзі, дадаўшы, што гэта – фальсіфікацыя дакумента, і папрасіў пакараць супрацоўніка міліцыі за парушэнне закона. Суддзя пацікавілася ў міліцыянера: калі, і пры якіх абставінах з'явіўся дадзены запіс, што Няпомняшчых адмаўляецца падпісаць пратакол? Амельчанка адказаў, што 31 снежня, калі ў міліцыі складалі новы пратакол. Тады суддзя спыталася – ці прапаноўвалі Няпомняшчых падпісаць дадзены пратакол? Міліцыянер прамармытаў, што «хацелі прапанаваць». Але суддзя была настойлівай, і прасіла ўдакладніць – што значыць «хацелі прапанаваць?» І міліцыянер пачаў блытана тлумачыць, што здаецца, але ён не памятае, апазіцыянеру тэлефанавалі, здаецца, яго запрашалі ў міліцыю, і можа быць, што ён адмовіўся. Супрацоўнік міліцыі не памятаў, хто менавіта тэлефанаваў, і з якога тэлефона. Няпомняшчых абурыўся, папрасіў суддзю запатрабаваць тэлефонныя злучэнні з ім за дадзены дзень.

Амельчанка даваў розныя паказанні наконт абставінаў і месца здзяйснення актывістам правапарушэння – бруднай лаянкі. Прычым пры затрыманні прысутнічалі яшчэ два міліцыянеры, і кіроўца. Але ніхто з іх не чуў бруднай лаянкі ад Няпомняшчых, акрамя Амельчанкі. Мліцыянеры сцвярджалі неаднаразова, і 10 студзеня на судзе таксама пацвердзілі, што грамадзянін паводзіў сябе спакойна, і бруднай лаянкі ад яго яны не чулі.

На судзе, калі міліцыянеры давалі паказанні, былі агучаныя такія факты, што 8 кастрычніка быў «узмоцнены варыянт нясення службы» (нагадаем, у дзень Народнага сходу), і што «нам была дадзена кіраўніцтвам устаноўка – у першую чаргу звяртаць увагу на друкаваную прадукцыю».

Супрацоўнік крымінальнага вышуку Аляксандр Дзёмін, які таксама прысутнічаў пры затрыманні, паказаў у судзе, што не чуў ад Няпомняшчых бруднай лаянкі, і нават грубых словаў.

Апазіцыянер, як былы супрацоўнік міліцыі, усцешаны, што яшчэ засталіся ў органах прыстойныя людзі. «Так, ёсць такія, што ілгуць у вочы, кшталту Амельчанкі, які фальсіфікуе справу, дае ілжывыя паказанні. Але ёсць і прыстойныя людзі, такія, як яго калегі, якія не сталі ілжэсведчыць, і казаць, што я брудна лаяўся. Хаця я думаю, што іх прасілі аб гэтым. Але трэба ўмець казаць «не», ўпэўнены, што і Амельчанка мог бы сказаць «не», калі кіраўніцтва дала загад скляпаць на мяне пратакол, і нічога б яму за гэта не было», - пракаментаваў Няпомняшчых.

Ён задаволены рашэннем суду, але адзначае, што было б правільным прызнаць яго невінаватым, з-за адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства