Брэст: скаргу сябраў партыі БХД не задаволілі
Брэсцкі абласны суд не пакінуў без зменаў рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста ў адносінах да мясцовых актывістаў ствараемай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Зміцера Шурхая і Алеся Чаркашына, якія былі абвінавачаныя ў нецэнзурнай лаянцы і пакараныя на пяць сутак адміністратыўнага арышта кожны.
Нагадаем, што актывісты БХД былі затрыманыя 15 снежня спачатку супрацоўнікамі ДАІ, якія спасылаліся на тое, што аўтамабіль, у якім ехалі Шурхай і Чаркашын, меў дачыненне да дарожна-транспартнага здарэння ў Мінску. Аднак у Маскоўскім РАУС Брэста, куды хрысціянскіх дэмакратаў даставілі для разбіральніцтва, іх абвінавацілі ў лаянцы і склалі пратакол аб дробным хуліганцтве. На падставе гэтага дакументу Зміцер Шурхай і Алесь Чаркашын былі пакараныя судом адміністратыўным арыштам.
Скаргі ў абласны суд актывісты БХД склалі падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання, бо ня лічаць сябе вінаватымі і упэўненыя, што прычынай для затрымання і далейшай ізаляцыі было жаданне уладаў не дапусціць удзел палітыкаў ва ўстаноўчым з’езде партыі, які адбыўся 17 снежня.