viasna on patreon

Рымашэўскі: Мінюст цісне на актывістаў БХД

2011 2011-12-30T10:28:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства юстыцыі Беларусі аказвае ціск на сябраў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", каб яны адклікалі свае подпісы пад устаноўчымі дакументамі БХД.

Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі. Між тым ён упэўнены, што ні адзін з заснавальнікаў БХД не адмовіцца ад свайго подпісу.

Віталь Рымашэўскі адзначыў, што члену аргкамітэта Анастасіі Мацак, якая працуе ў дзіцячым садзе ў Нароўлі ў Гомельскай вобласці, пагражаюць звальненнем з працы, калі яна не выйдзе са складу БХД. "28 снежня Мацак выклікалі ў раённы аддзел адукацыі, дзе начальнікі паказалі ёй дакументы, якія паступілі з міністэрства юстыцыі. Пры гэтым у аддзеле адукацыі назвалі БХД "сектай" і казалі, што калі Мацак не выйдзе з аргкамітэта, то з ёй не падоўжаць кантракт, а новую працу дзяўчыне атрымаць не дазволяць", - сказаў ён, перадае БелаПАН.

Паводле яго слоў, актывістам БХД тэлефануюць непасрэдна з Мінюста, пытаючыся, ці былі яны на з'ездзе БХД, калі вылучаліся дэлегаты, колькі чалавек прысутнічала і гэтак далей. "У прыватнасці, тэлефанавалі маёй жонцы. Яна адмовілася адказваць на пытанні", - распавёў палітык.

Віталь Рымашэўскі нагадаў, БХД спрабуе зарэгістравацца ў чацвёрты раз. "У першыя тры спробы рэгістрацыі партыі Мінюст таксама абзвоньвалі актывістаў, і начальства на месцах такім жа чынам ціснула на нашых актывістаў з патрабаваннем адклікаць свае подпісы або напісаць заявы, што яны іх не ставілі. Гэта ўжо старая практыка, з якой мы сутыкаліся неаднаразова", - падкрэсліў ён.

"Мы маем намер разабрацца з кожным такім выпадкам, каб чыноўнікі ўсіх узроўняў ведалі, што адказнасць за іх дзеянні ляжыць не толькі на найвышэйшым кіраўніцтве, але і на іх саміх. Мы будзем дамагацца таго, каб кожны вінаваты чыноўнік панёс заслужаную персанальную крымінальную адказнасць", - заявіў сустаршыня БХД.

Як паведамляў Тэлеграф, аргкамітэт БХД прапануе прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сцэнар мірнай перадачы ўлады. Сцэнар прадставіў Віталь Рымашэўскі, выступаючы 17 снежня на чацвёртым ўстаноўчым з'ездзе партыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства