Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае прысуд намесніку старшыні ПЦ “Вясна” Валянціну Стэфановічу
Парыж-Жэнева, 22
снежня 2011 года. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма
Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць
катаванняў (OMCT), асуджае прысуд, вынесены ў дачыненні да намесніка старшыні
Праваабарончага Цэнтра “Вясна” Валянціна Стэфановіча, у выглядзе штрафу ў
памеры 53 млн. рублёў (каля 4 840 еўра).
16 снежня 2011 года адбылося чарговае слуханне па справе сп. Валянціна
Стэфановіча, у выніку якога падатковая інспекцыя Партызанскага раёна Менска
прысудзіла яго да штрафу ў памеры 53 млн. рублёў (каля 4 840 еўра). Гэтая
справа тычыцца скаргі, пададзенай сп. Стэфановічам супраць рашэння падатковай
інспекцыі Партызанскага раёна Менска ад 19 кастрычніка 2011 года аб выплаце 4 750
000 беларускіх рублёў (каля 435 еўра) на падставе артыкула 13.6 КаАП (“нявыплата
або няпоўная выплата падаткаў”).
Падатковая інспекцыя сцвярджае, што сп. Валянцін Стэфановіч не заявіў аб сумах,
якія яна расцэньвае як “асабісты прыбытак”. Гэтыя сумы, пераведзеныя на
банкаўскія рахункі ў Літве з боку міжнародных арганізацый, такіх як Міжнародная
амністыя і Дацкі Інстытут па правах чалавека, для падтрымкі дзейнасці Вясна,
былі выкарыстаны ў межах дзейнасці Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Улады Беларусі распачалі справу ў дачыненні да сп. Стэфановіча пасля перадачы
асобных банкаўскіх даных літоўскім Міністэрствам юстыцыі Міністэрству падаткаў
і збораў Беларусі, як гэта было ў выпадку са старшынём Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Алесем Бяляцкім, які быў прысуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі 24 лістапада
2011 года. Той факт, што інфармацыя, перададзеная літоўскім Міністэрствам
юстыцыі беларускім уладам была няпоўнай (як паказана ў лісце літоўскага
Міністэрства юстыцыі ад канца жніўня 2011 года) не было прынята пад
увагу.
Падчас слухання сп. Стэфановіч падкрэсліў, што адміністрацыйная справа супраць
яго непасрэдна звязаная з ціскам КДБ на ПЦ “Вясна” і нагадаў аб лісце кіраўніка
КДБ намесніку Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 2010
года, у якім ён сказаў, што “радыкальная апазіцыя” фінансавалася праз “Вясну” і
распарадзіўся аб правядзенні расследавання аб дзейнасці “Вясны” і, у
прыватнасці, сп. Бяляцкага і сп. Стэфановіча. Ён таксама дадаў, што падатковыя
інспектары правяралі ягоныя рахункі і рахункі ягоных сваякоў на працягу многіх
гадоў, і былі не ў стане знайсці аніякія разыходжанні паміж прыбыткамі і
выдаткамі.
Абсерваторыя нагадвае, што ўлады палявалі на сродкі сп. Стэфановіча на працягу
апошніх гадоў. З 2008 года ён некалькі разоў быў вымушаны прадастаўляць
дэкларацыі аб даходах, у тым ліку справаздачу аб агульным прыбытку, які ён
атрымаў цягам больш, чым 10 гадоў, нягледзячы на тое, што ён ужо прадставіў усе
гэтыя дакументы ў падатковую інспекцыю раёна.
Абсерваторыя асуджае грубае парушэнне належных прававых працэдураў і стандартаў
справядлівага судовага разбяральніцтва. 19 кастрычніка 2011 года намеснік
начальніка падатковай інспекцыі спн. Алена Кутнік прадставіла “пастанову аб адміністрацыйным
правапарушэнні” з боку сп. Стэфановіча, якая ўключала гатовы і падпісаны прысуд.
Сп. Валянцін Стэфановіч заявіў, што ён будзе абскарджваць прысуд.
Абсерваторыя рашуча асуджае прысуд і няспынны судовы пераслед ў дачыненні да
сп. Валянціна Стэфановіча, які, як падаецца, накіраваны на спыненне ягонай
дзейнасці па абароне правоў чалавека і дзейнасці ПЦ “Вясна”, і асуджае
парушэнні нормаў справядлівага судовага разбяральніцтва супраць яго.
Абсерваторыя настойліва заклікае беларускія ўлады спыніць любыя формы пераследу
– у тым ліку на судовым узроўні – супраць сп. Валянціна Стэфановіча, а таксама
супраць усіх абаронцаў правоў чалавека, а таксама прытрымлівацца палажэнняў
Дэкларацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб праваабаронцах, прынятай Генеральнай
Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 года, і забяспечыць пры любых абставінах павагу да
правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў
галіне правоў чалавека і міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай
Беларусь.