Незалежныя прафсаюзы жорстка крытыкуюць уладу
У Менску пачаў працу 8 зьезд Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Ён супаў па часе з 20-годзьдзем рэгістрацыі першага ў краіне вольнага прафаб’яднаньня — Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Беларусі.
У справаздачным выступе на зьезьдзе лідэр кангрэса Аляксандар
Ярашук заявіў, што прафсаюзы патрабуюць ад уладаў прыняцьця новай
сацыяльна-эканамічнай плятформы разьвіцьця краіны — лібэралізацыі
і эканамічных пераўтварэньняў, скасаваньня кантрактнай сыстэмы, якую
ён назваў «сучасным прыгонным правам». Ад кантрактнай сыстэмы церпяць
і многія актывісты незалежных прафсаюзаў, якіх адміністрацыі
прадпрыемстваў звальняюць з працы. Спадар Ярашук заявіў пра рэпрэсіі
супраць прафсаюзных дзеячаў, уціск сяброў, жорсткія ўмовы існаваньня незалежных
прафсаюзаў у Беларусі.
«У сучаснай Беларусі эксплуатуецца і прыгнятаецца, пазбаўляецца
правоў і свабодаў цэнтральнае зьвяно грамадзтва — чалавек. Краіна
завязла на стадыі аўтарытарызму, закрылася ад новых ідэй
і інавацыяў. У палітычнай сыстэме Беларусі дзяржаўная ўлада душыць
усе астатнія інстытуты і рэгулюе адносіны ў грамадзтве мэтадамі
прымусу», — гаворыцца ў распаўсюджанай на зьезьдзе Сацыяльна-эканамічнай
плятформе БДКП.
Цяперашні эканамічны крызіс незалежныя прафсаюзы тлумачаць вынікам банкруцтва
эканамічнага курсу, што праводзіцца ўладай, камандна-адміністратыўнай сыстэмы
кіраваньня.
"Беларусь, насуперак Канстытуцыі, так і ня стала дэмакратычнай,
сацыяльнай і прававой дзяржавай. Пад пагрозу пастаўленае існаваньне краіны
як незалежнай сувэрэннай дзяржавы",— гаворыцца ў плятформе БДКП,
якая заклікае вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня краінай,
рыначнай эканомікі, адкрытай прыватызацыі, скарачэньня да 30 працэнтаў
долі дзяржаўнай уласнасьці.
У БКДП уваходзяць Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз
беларускі, Свабодны прафсаюз мэталістаў, Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай
прамысловасьці, агульная колькасьць удзельнікаў арганізацыі складае
10 тысяч сяброў.