Следства па справе актывістаў БНФ пашырае геаграфію
8 снежня ў Оршы дамоў да сябра Сойму Партыі БНФ А. Шутава з’явіўся супрацоўнік аддзела дазнання Аршанскага ГАУС. Як ён растлумачыў, у Аршанскую міліцыю прыйшло следчае даручэнне дапытаць Шутава ў якасці сведкі па справе Каліты, Семянюка, Губарэвіча. Нагадаем, гаворка ідзе пра нібыта адбыўшыся 13 жніўня на паседжанні Сойму Партыі БНФ канфлікт актывістаў з п'яным ахоўнікам былога офіса БНФ па вуліцы Крапоткіна, 93а, які многія назіральнікі лічаць правакацыяй супраць апазіцыйнай партыі.
Сам Алесь Шутаў вельмі здзіўлены візітам следчага да яго. Бо ён адсутнічаў на паседжанні Сойму 13 жніўня і не бачыў тых падзей. Тым не менш, следства чамусьці вырашыла атрымаць яго сведкавыя паказанні. Яшчэ больш здзівілі пытанні. У Шутава спыталі, ці злоўжываюць Каліта, Семянюк і Губарэвіч спіртнымі напоямі. Каб атрымаць адказ на гэта важнае пытанне, следства вырашыла накіраваць даручэнне за 220 кіламетраў ад Мінска, у Оршу.
Па словах А. Шутава, ён даў паказанні, што ніколі не бачыў Каліту і Семянюка нецвярозымі, а з Губарэвічам не знаёмы. На гэтым супрацоўнік міліцыі з пачуццём выкананага абавязку пайшоў.