У Магілёве Ірыну Трыгубаву будуць судзіць за наклееную ўлётку
Суд прызначаны на 14 снежня.
Актывістка Свабоднага прафсаюзу металістаў Ірына Трыгубава была затрымана каля трох тыдняў таму каля пад’езда аднаго з дамоў у мікрараёне Юбілейны.
“Я раскідвала ўлёткі аб палітвязнях “За нашу і вашу свабоду”! У адным з пад’ездаў я толькі наклеіла ўлётку, як ззаду да мяне падыйшоў незнаёмы чалавек, схапіў мяне і па тэлефоне некаму паведаміў, што ён мяне затрымаў”, - расказвае Ірына Трыгубава.
Пасля гэтага чалавек у цывільным даставіў жанчыну ў бліжэйшы пастарунак міліцыі, дзе на яе быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
“У пастарунку ў мяне канфіскавалі застаўшыяся 30 улётак і клей”, - гаворыць Ірына Трыгубава.
Пасля з актывісткай сустракаўся ўчастковы міліцыянт Загорскі, які пытаў яе, ці жадае яна прысутнічаць на працэсе. Акрамя гэтага ён паведаміў, што жанчыну затрымліваў супрацоўнік КДБ.