Барысаў: рашэнне па справе зборшчыка подпісаў за НС адклалі на пяць дзён
Учора адбылося другое паседжанне суду над зборшчыкам подпісаў за правядзенне Народнага сходу Мікалаем Ільюшонкам. Рашэнне суддзя Аляксандр Шутко абвесціць толькі ў панядзелак, 12 снежня.
Мікалая Ільюшонка затрымалі 21 верасня падчас збору подпісаў за правядзенне Народнага сходу, тры гадзіны пратрымалі ў міліцыі, зрабілі агляды яго аўтамабіля і кватэры. На першым паседжанні суда, які адбыўся ў кастрычніку, сведкі - жыхары дома, дзе збіраліся подпісы - далі паказанні, на падставе якіх асудзіць Ільюшонка не атрымлівалася. На гэты раз у якасці сведак выступілі міліцыянты, якія затрымлівалі зборшчыка подпісаў - С.С. Мажароўскі і А.С. Калеснік. Была дапытаная і яшчэ адна жыхарка дома. Сведкі давалі супярэчлівыя паказанні, блыталіся. Пасля апытання сведак суддзя Барысаўскага раённага суду Аляксандр Шутко абвясціў, што абвяшчэнне рашэння пераносіць на панядзелак, 12 снежня.
«Мне ўжо так надакучыла гэтая судовая цягамоціна, - распавядае Мікалай Ільюшонак. - Але я пайду да канца. Для мяне вельмі важна высвятліць - вінаваты я ці не. Хай суддзя скажа».