viasna on patreon

Бялыніцкая пракуратура цікавілася дзейнасцю эксперта Amnesty International

2011 2011-12-06T23:55:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/heza-macgill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ летам гэтага года ў пракуратуру Бялыніцкага раёна былі выкліканыя некаторыя з былых абвінавачаных па справе аб забойстве сям’і з шасці чалавек у вёсцы Вялікая Машчаніца, а таксама іх блізкія сваякі. Аднак следчых пракуратуры цікавіла не расследванне нашумелай справы, а падрабязнасці сустрэчы былых падазраваных па “машчаніцкай справе” і іх сваякоў з экспертам праваабарончай арганізацыі Amnesty International па Беларусі Хэзай Макгіл, якая адбылася яшчэ ў 2008 годзе. Пра “гутарку” ў пракуратуры і яе падрабязнасці праваабаронцы даведаліся толькі зараз, бо яе ўдзельнікаў папярэдзілі пра тое, што пры разгалошванні інфармацыі ў іх могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы.

 “Зараз адной з хвалюючых тэм у беларускім грамадстве, асабліва пасля вынясення смяротнага прысуду абвінавачаным па справе аб выбуху ў Мінскім метро, з’яўляецца тэма адмены смяротнага пакарання. Днямі я вырашыў падрыхтаваць матэрыял на гэту тэму, запытацца ў сваіх землякоў з вёскі Вялікая Машчаніца, як яны ставяцца да ідэі адмены смяротнага пакарання, бо некалькі мясцовых жыхароў ледзь не развіталіся з жыццём праз недаказанагае абвінавачванне”, - распавядае бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч.

Нагадаем, шэсць гадоў таму ў Вялікай Машчаніцы адбылося жудаснае забойства сям’і з шасці чалавек, у тым ліку двух маленькіх дзетак. Праз дзень былі затрыманыя пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай жа вёскі, ім неўзабаве было прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве. Расследаванне па справе цягнулася амаль паўтары гады, пасля ў Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава адзінаццаць месяцаў ішоў судовы працэс. Пракурор патрабаваў для двух абвінавачаных выключную меру пакарання — расстрэл, для трох іншых — пажыццёвае зняволенне. Аднак 2 лістапада 2007 года судовая калегія Магілёўскага абласнога суда ўсім пяцярым вынесла апраўдальны прысуд у сувязі з недаказанасцю віны. Адзін з падсудных  быў вызвалены з-пад варты ў зале суда, астатнія чацвёра былі пакараны тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў і 2 месяцаў за іншыя злачынствы.

Зразумела, што я не мог не звярнуцца да былых абвінавачаных па “Машчаніцкай справе” і да іх сваякоў”.

Барыс Вырвіч кажа, што, улічваючы шырокі рэзананс гэтай справы, ён не мог не звярнуцца да былых абвінавачаных, аднак  журналіст адразу звярнуў увагу на оое, што людзі вельмі запалоханыя.

“Зразумела, што пасля таго, што давялось перажыць гэтым хлопцам і іх сваякам, яны не вельмі ахвотна ідуць на кантакт з журналістамі. Аднак я ў нейкім сэнсе з’яўляюсявыключэннем, бо сам нарадзіўся і жыву ў гэтай вёсцы, ды і ў свой час імкнуўся даваць аб’ектыўную інфармацыю аб “машчаніцкай справе”, - распавядае Барыс Вырвіч. – Пасля гутаркі я ўсё ж здолеў высветліць, чым напалоханыя гэтыя людзі. Аказалася, што летам гэтага года ў пракуратуру Бялыніцкага раёна позвамі былі выкліканыя тыя з былых абвінавачаных і іх сваякоў, якія яшчэ ўвосень 2008 года сустракаліся з прадстаўніцай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International   Хэзай Макгіл падчас яе візіту ў Беларусь. Супрацоўнікі пракуратуры патрабавалі распавесці ўсе падрабязнасці гэтай сустрэчы, назваць усіх яе ўдзельнікаў. Навошта гэта ім патрэбна, людзям не тлумачылі, таксама як і тое, у межах якой крымінальнай справы адбываецца гэта ці то гутарка, ці то допыт. Усіх толькі папярэдзілі, што распавядаць пра “гутарку” няварта, бо могуць узнікнуць праблемы”

Па словах журналіста, маці аднаго з былых зняволеных распавяла, што фармальнай падставай для гутаркі быў надрукаваны ў чэрвені газетай “Народная воля” матэрыял “Машчаніцкая справа: як ледзь не былі расстраляны невінаватыя”. Таксама жанчына адзначыла, што следчая пракуратуры паводзіла сябе вельмі груба. А калі жанчына запыталася, што крымінальнага ў сустрэчы з прадстаўніцай праваабарончай арганізацыі, то “абаронца законнасці” наогул пачала пагражаць, крычаць і размахваць перад яе тварам нейкімі паперамі.

“Людзей змаглі напалохаць, гэта не цяжка, бо колькі страху ў сваім жыцці ім ужо давялося перажыць, таму яны распавялі пра незразумелыя гутаркі ў Бялыніцкай пракуратуры толькі зараз, - кажа Барыс Вырвіч. – Здзіўляе іншае, чаму сустрэча з Хэзай Макгіл, якая адбылася яшчэ тры гады таму, так зацікавіла супрацоўнікаў пракуратуры. Гэта тым больш цікава, што інфармацыя пра гэту сустрэчу з’явілася адразу ж у 2008 годзе, я сам рыхтаваў яе для некалькіх выданняў. Дзіўна і тое, што супрацоўнікі пракуратуры не выказалі жадання пагутарыць і са мной, бо, па словах былых зняволеных і іх сваякоў, для іх не з’яўлялася сакрэтам, што дапамагаў арганізаваць сустрэчу з прадстаўніцай “Міжнароднай Амністыі” менавіта я”.

Журналіст мяркуе, што пракуратурай выконвалася замова зусім іншай арганізацыі, і гэта было неяк звязана з тым ціскам на праваабаронцаў, які назіраецца ў нашай краіне на працягу апошніх месяцаў”.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства