У Івацэвічах актывіста Халадовіча нейтралізавалі ў дзень прыезда Лукашэнкі
Грамадскі актывіст Станіслаў Халадовіч працуе падменным слесарам водазабора івацэвіцкай ЖКГ. У чацвер ён быў тэрмінова выкліканы да начальства, дзе яму паведамілі, што ён адкліканы з выходнага 2 снежня і павінен выйсці на змену на ачысныя, якія знаходзяцца ў лясным масіве. Прычыны ніхто не патлумачыў.
Станіслаў Халадовіч упэўнены, што нечаканы выклік на змену не меў такой неабходнасці. Сапраўдную прычыну ён бачыць у тым, што на гэты дзень прыпадаў прыезд Лукашэнкі ў Івацэвічы для афіцыйнага адкрыцця Лядовага палацу і наведвання новага цэху. А актывіст жыве ў чатырохстах метрах ад Лядовага. Па словах Станіслава, пэўна, спецслужбы пабаяліся, што ён што-небудзь выкіне падчас пераразання стужачкі.
“Але ў мяне і ў думках не было ісці на сустрэчу, няма ніякага жадання яго бачыць, - кажа Халадовіч, - хаця не першы раз мяне нейтралізуюць падчас прыезду высокага госця”.
Наогул, заўважае актывіст, пасля “сутак” за 19 снежня яго пастаянна падштурхоўваюць да звальнення. З пастаяннага месца працы на водазаборы перавялі ў падменныя слесары. Хаця ён ніколі не меў спагнянняў, а нават быў у 2010 годзе ўзнагароджаны Пахвальным лістом.