viasna on patreon

У Магілёве міліцэйскі чыноўнік праявіў некампетэнтнасць

2011 2011-12-02T17:30:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У інтэрв’ю газеце “Веснік Магілёва” падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Паркаў адзначыў, што ў горадзе ёсць два месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Першае з іх знаходзіцца на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў 64 В, другое – гэта пляцоўка каля палаца культуры завода Кірава.

Нагадаем, што да гэтай заявы падпалкоўніка міліцыі ў горадзе было вядома толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў - на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў 64 В.

З мэтай высвятліць, ці сапраўды такіх месцаў паболела, праваабаронца Барыс Бухель наведаў магілёўскі гарвыканкам.

“Я сустрэўся з начальнікам аддзела ідэалогіі Алай Галушка і папрасіў яе выдаць мне копію рашэння гарвыканкама. Яна была здзіўленая і сказала, што такога рашэння няма”, - кажа Барыс Бухель.

Тым часам стала вядома, што Дзмітрый Паркаў прызнаў сваю памылку, спаслаўшыся на тое, што яго не так зразумеў журналіст. Абвяржэнне інфармацыі пра другое месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве будзе надрукавана ў наступным нумары газеты “Веснік Магілёва”.

Праваабронца Барыс Бухель адзначае, што чыноўнік такога ўзроўню не мае права на такія памылкі:

“Гэта сведчыць пра некампетэнтнасць чыноўніка. Сваёй заявай ён мог увесці людзей у зман. Трэба ведаць, што месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе адно, і яго з-за гэтага называюць “рэзервацыяй для дэмакратаў”. Акрамя гэтага, рэдактар газеты таксама праявіў сваю некампетэнтнасць. Будучы друкаваным органам мясцовых чыноўнікаў, трэба сачыць за такімі ляпамі і спраўджваць сумнеўныя моманты”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства