viasna on patreon

Магілёўскую прадпрымальніцу Людмілу Крыловіч выклікаюць у КДБ

2011 2011-12-02T16:56:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жанчыне патэлефанавалі на мабільны тэлефон, прадставіліся, што з КДБ, і папрасілі прыйсці на сустрэчу. Калі ж прадпрымальніца запатрабавала позву, то мужчына, які тэлефанаваў, замяўся і сказаў, што хоча неафіцыйнай размовы.

“Чалавек, які тэлефанаваў мне, сказаў, што тэмай размовы будзе страйк. Паводле інфармацыі, якая ёсць у КДБ, гэты страйк рыхтую я. Аднак усё гэта хлусня – ніякай дзейнасці, накіраванай на арганізацыю страйка прадпрымальнікаў у гандлёвым цэнтры “Прэстан” не вядзецца”, - гаворыць Людміла.

Раптоўны выклік на размову да спецслужбаў жанчына звязвае з непаразуменнямі, якія ўзніклі з адміністрацыяй гандлёвага цэнтра “Прэстан”, які размяшчаецца на скрыжаванні вуліцы Астроўскага і Пушкінскага праспекта ў Магілёве.

“Я атрымала ўведамленне, - гаворыць Людміла Крыловіч, - у якім адміністрацыя паведамляе мне аб тым, што з новага года дамова арэнды са мной не працягваецца. Гэта негледзячы на тое, што чаргі арэндаваць месца ў “Прэстане” не стаіць і, акрамя таго, ёсць вольныя плошчы для арэнды. Адміністрацыю не задавальняе тое, што я актыўна абараняю свае правы, а таксама правы астатніх прадпрымальнікаў. Вусна мне было сказана, што прычына растаржэння са мной дамовы арэнды звязана з маёй актыўнай пазіцыяй”.

Жанчына адзначае, што будзе спрабаваць атрымаць ад адміністрацыі гандлёвага цэнтра пісьмовыя тлумачэнні, з нагоды якіх ёй не працягваюць дамову арэнды, і спрабаваць з дапамогай праваабаронцаў іх абскардзіць.

Нагадаем, што Людміла Крыловіч была ініцыятаркай сходу прадпрымальнікаў летам гэтага года. Тады адміністрацыя “Прэстана” пад прадлогам рамонта хацела выселіць усіх прадпрымальнікаў з другога паверха будынка. Пасля праведзенага рамонту планавалася здаць гандлёвыя плошчы іншаму наймальніку. Аднак прадпрымальнікі не далі гэтага зрабіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства