viasna on patreon

У Гародні рэкламную прадукцыю Радыё Рацыя забралі на праверку

2011 2011-11-26T10:22:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/racyja-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 лістапада раніцай машыну гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава спынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны патлумачылі, што праваабаронца неяк не так ехаў. Нейкі час яны правяралі дакументы і візуальна рабілі праверку на ўжыванне алкаголю. Калі ўсё аказалася ў норме, то супрацоўнікі ДАІ заявілі, што Віктар Сазонаў мусіць праехаць у Ленінскі РАУС Гародні, каб там праверыць рэчы, якія ёсць у машыне. Тымі рэчамі аказалася рэкламная прадукцыя Беларускага Радыё Рацыя.

Міліцыянты склалі пратакол, доўга дапытвалі, дзе Віктар Сазонаў узяў гэтую прадукцыю, куды яе вёз і ці з’яўляецца ён сябрам якіх-небудзь палітычных структур. Якую сувязь мае тая прадукцыя да ўдзелу ў палітычных і іншых грамадскіх аб’ядняннях -- супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі. Пасля таго, як высветлілі, што рэкламную прадукцыю Радыё Рацыя праваабаронца атрымаў ад звычайнага знаёмага, які, едучы з Польшчы, проста ўзяў яе для навагодніх падарункаў, Віктар Сазонаў быў адпушчаны. Затое супрацоўнікі міліцыі забралі кашулькі, каляндарыкі і іншую рэкламную прадукцыю Радыё Рацыя на праверку.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства