Шэсць апазіцыйных арганізацый патрабуюць вызвалення Алеся Бяляцкага
Партыі БНФ, АГП і “Справядлівы свет”, Рух “За свабоду”, кампанія “Гавары праўду” і аргкамітэт па стварэнні партыі БХД прынялі супольную заяву, у якой яны выказалі пратэст у сувязі з выракам Алесю Бяляцкаму.
Вось поўны тэкст заявы:
24 лістапада 2011 года суддзя Першамайскага раёна г.Мінска Сяргей Бандарэнка вынес прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, прызнаўшы яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры).
Суд прыгаварыў Алеся Бяляцкага да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Апроч гэтага, праваабаронца мусіць сплаціць дзяржаве 721 мільён стратаў і 36 мільёнаў судовых выдаткаў.
Мы, партыя БНФ, партыя “Справядлівы свет”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух “За свабоду!”, аргкамітэт па стварэнні партыі БХД і кампанія “Гавары праўду”, заяўляем аб тым, што выненсены Алесю Бяляцкаму прысуд ёсць сведчаннем парушэння шматлікіх крымінальна-працэсуальных норм і правілаў правядзення судовага разбіральніцтва.
Так, ужо 4 жніўня, з самага пачатку затрымання Алеся Бяляцкага, у дачыненні да яго была незаконна ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Следства, ігнаруючы адпаведнае прадпісанне з боку пракуратуры, адмовілася звярнуцца да фондаў, што пералічвалі сродкі Алесю Бяляцкаму, з запытам аб мэтавым прызначэнні сродкаў.
Судовы працэс яскрава прадэманстраваў, што ў дзяржаўнага абвінаваўцы наогул адсутнічаюць доказы віны Алеся Бяляцкага. На судзе так і не быў пацверджаны сам факт атрымання Алесем Бяляцкім сродкаў, бо матэрыялы афіціыйных органаў Літвы і Польшчы наконт іх атрымання не былі аформленыя належным чынам.
Калі нейкая афіцыйная установа дае пэўную інфармацыю пра сваіх ці замежных грамадзян і гэтай інфармацыяй карыстаюцца ў судовым працэсе, то на такіх матэрыялах павінны стаяць подпісы і пячаці. Не аформленыя належным чынам афіціыйныя дакументы перастаюць быць дакументамі, і абвінаваўца не можа карыстацца імі пры доказе віны.
Каб у Беларусі быў незалежны суд, то суддзя С.Бандарэнка звярнуў бы ўвагу абвінаваўцы на гэтую акалічнасць. Аднак суддзі ў Беларусі, калі справа тычыцца апанентаў улады, займаюцца не пошукам ісціны, а выключна пошукам фармулёвак, згодна з якімі нявінны чалавек трапляе за краты.
Мы перакананыя, што прысуд Алесю Бяляцкаму палітычна матываваны, носіць незаконны характар і таму падлягае безумоўнай адмене.
Гэтаксама павінны быць рэабілітаваныя усе тыя, хто быў асуджаны з палітычных прычын у сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года і ў ранейшы час.
Свабоду Алесю Бяляцкаму!
Свабоду ўсім палітвязням!