“Перліна” беларускай праваабарончай супольнасці асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі
Сёння раніцай
Алесь Бяляцкі, кіраўнік вядомай беларускай праваабарончай арганізацыі “Вясна”, асуджаны
да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыі маёмасці за ўхіленне
ад выплаты падаткаў.
“Гэты прысуд з'яўляецца ганьбай для Еўропы, і мы ўсе павінны аб’яднацца ў нашым
асуджэнні рэжыму Беларусі, - заявіў генеральны сакратар НХК Б’ёрн Энгесланд. -
Еўрапейскія лідэры, у тым ліку нарвежскі ўрад, павінны запатрабаваць неадкладнага
вызвалення Бяляцкага”.
“Вясна” з'яўляецца вядучай праваабарончай арганізацыяй Беларусі, вядомай аказаннем
прававой і матэрыяльнай дапамогі ахвярам парушэнняў з боку рэжыму. Арганізацыя з’яўляецца
асноўнай крыніцай інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, сітуацыя з якімі
значна пагоршылася ў так званай “апошняй дыктатуры Еўропы”. У адплату за сваю
працу “Вясне” на працягу многіх гадоў адмаўлялі ў рэгістрацыі, выціскаючы яе
дзейнасць ў падполле.
Кіраўнік “Вясны” Бяляцкі вымушаны быў адкрываць рахункі за мяжой. Гэта быў
адзіны спосаб працягу працы пры фінансавай падтрымцы, у тым ліку, ад
Нарвежскага Хельсінкскага камітэта. Пры ўдзеле літоўскіх уладаў беларускія
ўлады атрымалі доступ да інфармацыі аб рахунку Бяляцкага ў банку DnB NORD ў
Вільні, за што Літва выказала свае прабачэнні.
“Алесь – гэта “перліна” беларускай праваабарончай супольнасці, і ніхто не можа заняць
яго месца, - кажа кіраўнік інфармацыйнага аддзела Берыт Ліндэман. - Мы ведаем,
што супрацоўнікі “Вясны” будуць працягваць працу, і мы будзем разам з імі,
патрабуючы вызваліць Алеся і іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Сярод іх
яшчэ адзін з нашых партнёраў і сяброў, былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй
Саннікаў, які ўжо амаль год знаходзіцца ў турме пры ўмовах, блізкіх да
катавання”.
У 2006 годзе Алесь Бяляцкі атрымаў узнагароду Нарвежскага Хельсінкскага
камітэта “Прэмія Свабоды імя Андрэя Сахарава” і некалькі разоў быў намінаваны
на Нобелеўскую прэмію міру.
Супрацоўнікам Нарвежскага Хельсінкскага Камітэта адмовілі ва ўездзе ў Беларусь для назірання за судом.