Чыноўнікі аблвыканкаму зноў будуць весці адміністрацыйныя працэсы
Віцебскія абласныя газеты апублікавалі апошняе рашэнне аблвыканкаму “Пра надзяленне паўнамоцтвамі на вядзенне адміністрацыйнага працэсу” . Яно пачало дзейнічаць з 17 лістапада замест падбнага дакументу 2009 году.
У параўнанні з мінулым рашэннем аблвыканкаму, правы на складанне адміністрацыйных пратаколаў і падрыхтоўку адміністрацыйных справаў цяпер мае большая колькасьць дзяржаўных чыноўнікаў. Гэта начальнікі, намеснікі начальнікаў і спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, ідэалагічнай працы, юстыцыі, кадравай работы, аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, па ўзаемадачыненнях з праваахоўнымі органамі , па працы з органамі мясцовага самакіравання, жыллёвай гаспадаркі і г.д.
На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму гэта рашэнне чамусьці не змясцілі, хаця для асабліва важных дакументаў там ёсць адмысловая рубрыка “Актуальна”. А ў абласных газетах “Віцебскі рабочы” і “Народнае слова” яго надрукавалі самым дробным шрыфтам. Да таго ж у “Народным слове” месца для гэтага дакументу знайшлося толькі ў нізе перадапошняй старонкі -- пасля віншаванняў ды побач з прыватнымі аб’явамі, надрукаванымі куды буйнейшымі літарамі…
Прававая асвета насельніцтва на Віцебшчыне лічыцца, відаць, справай не самай важнай.