Другі Народны сход у Вілейцы адбыўся на офісе
19 лістапада ў Вялейцы адбыўся Народны сход. Каб пазбегнуць лішняй увагі праваахоўных ворганаў, яго вырашылі правесці ў іншым фармаце і на тыдзень пазней, чым планавалася першапачаткова. Тым не менш, каля ранейшага месца сходу, пэўна на ўсялякі выпадак, дзяжурыла некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным.
Напярэдадні мерапрыемства яго арганізатара Уладзіміра Малярчука (на фота) у чарговы раз выклікалі ў пракуратуру. Ад яго патрабавалі падпісаць паперу, што ён быў папярэджаны аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
Падпісваць што-небудзь спадар Малярчук адмовіўся і зноў жа ў чарговы раз паспрабаваў патлумачыць, што правядзеннем сходу не парушае ніякіх законаў.
Сход прайшоў на офісе дэмакратычных арганізацый і сабраў амаль 20 чалавек.
Да яго была прымеркавана сустрэча з Анатолем Лябедзькам і Станіславам Багданкевічам.
Прысутныя абмяркоўвалі склаўшуюся сацыяльна-эканамічную сітуацыю і знаёміліся з адказамі на рэзалюцыю папярэдняга сходу.