Жыхар Брэста абскраджвае пакаранне за ўдзел у “маўклівай” акцыі ў Вярхоўным судзе
Тарас Беражной падаў скаргу ў Вярхоўны суд, каб дамагчыся адмены пастановы раённага суду, які пакараў яго нібыта за ўдзел у “маўклівай” акцыі пратэсту.
Тараса Беражнога міліцыянты затрымалі ўвечары 29 чэрвеня на
бульвары Касманаўтаў у Брэсце, пасля чаго даставілі ў Ленінскі РАУС абласнога
цэнтра, дзе склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. 11 ліпеня суд
Ленінскага раёна Брэста прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым
мерапрыемстве і аштрафаваў на 12 базавых велічынь (420 тысяч рублёў). Гэтае
рашэнне Беражной абскардзіў у Брэсцкім абласным судзе, але той пакінуў
пастанову суду першай інстанцыі без зменаў.
Тарас Беражной сцвярджае, што не браў удзел у “маўклівай” акцыі, якая
праходзіла ў той дзень, і апынуўся ў згаданы час і ў згаданым месцы выпадкова,
бо вяртаўся з крамы “Космас”, дзе купляў прадукты. Аднак калі Тарас выйшаў з
гэтага гандлёвага аб'екта, да яго падыйшлі два чалавекі ў звычайным адзенні,
якія не прадставіліся, не прад'явілі ніякіх дакументаў і не патлумачылі, у
сувязі з чым затрымліваюць Беражнога.
Акрамя таго, аўтар скаргі ў Вярхоўны суд
кажа, што фотаздымкі, якія далучаныя да матэрыялаў гэтай адміністратыўнай
справы, не даказваюць яго ўдзелу ў акцыі. Высветлілася таксама, што на адным з
фотаздымкаў пазначана дата - 28 чэрвеня, з якой вынікае, што фота было зроблена
за дзень да акцыі пратэсту.
У сваё скарзе, якую Беражной 18 лістапада накіраваў у вышэйшую судовую
інстанцыю каріны, ён патрабуе адмяніць пастанову раённага суда. Калі ж
абскарджанне ў Вярхоўным судзе будзе беспаспяховымі, Тарас збіраецца з
дапамогай брэсцкіх праваабаронцаў падрыхтаваць зварот у Камітэт ААН па правах
чалавека.