На Ірыну Яскевіч склалі другі пратакол за першы Народны сход
Віцебскую арганізатарку Народнага сходу супрацоўнікі міліцыі вінавацяць у парушэнні закону пра масавыя мерапрыемствы. Першы пратакол, складзены супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС за правядзенне сходу 8 кастрычніка, суд да разгляду не прыняў. 14 лістапада міліцыянты склалі іншы пратакол.
Падстава для складання пратаколу ранейшая: хоць у новым пратаколе цяпер напісана, што спадарыня Ірына праводзіла менавіта сход, актывістку па-ранейшаму вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванай вулічнай акцыі.
“Я ўжо некалькі разоў тлумачыла, што сходы не падпадаюць пад закон пра правядзенне вулічных акцый, што ёсць асобны закон, якім рэгламентуецца іх правядзенне, і на такі сход не трэба прасіць дазволу ва ўладаў. Але супрацоўнікі міліцыі нібыта не чуюць, што я ім кажу. Так што мне зноў давялося пісаць доўгае тлумачэнне, якое я прыклала да пратаколу”, -- распавяла Ірына Яскевіч.
Новы пратакол у самым хуткім часе будзе перададзены ў суд, сказалі Ірыне Яскевіч. Бо сцякае тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці – імпрэза, за якую вінавацяць Ірыну Яскевіч, адбылася ўжо больш за месяц таму.
Разам з ёй да судовай адказнасці прыцягваюць і віцебскую актывістку Тацяну Севярынец, якая была сакратаром на сходзе 8 кастрычніка.
Першыя пратаколы на абедзьвюх спадрынь былі складзены яшчэ 26 кастрычніка, аднак суддзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская вярнула іх назад у міліцыю, бо не знайшла ў прадстаўленых міліцыянтамі матэрыялах складу правапарушэння.