Уладзімір Лабковіч: Справа Бяляцкага пачыналася з пісьмовага папярэджаньня Генпракуратуры за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі
Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) 15 кастрычніка падрыхтавала спецыяльнае заключэньне “Аб адпаведнасьцi артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь датычна правоў незарэгістраваных аб'яднаньняў міжнародным стандартам правоў чалавека”. Унікальнасьць гэтага прававога дакумента палягае ў тым, што ўпершыню ў практыцы аўтарытэтнай юрыдычнай камісіі разглядаўся толькі адзін артыкул у адной асобна ўзятай краіне.
Каардынатар кампаніі “Права на веру” Аляксей Шэін на прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды 14 лістапада падкрэсліў, што ад моманту ўключэньня артыкула 193.1 (Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадскага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасьці) ў 2006 годзе ў Крымінальны кодэкс, да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 18 асобаў. Паколькі пераважная большасьць няўрадавых арганізацый у Беларусі працуе без рэгістрацыі, якую для іх атрымаць практычна немагчыма, для дзесяткаў тысяч іх удзельнікаў існуе рэальная пагроза такога крымінальнага перасьледу.
Асаблівасцю мінулага году стала тое, што ўпершыню папярэджаньні па гэтым артыкуле сталі выносіцца не толькі актывістам палітычных і грамадскіх рухаў ды праваабаронцам, але і рэлігійным дзеячам. Асабліва прадстаўнікам пратэстанцкай канфесіі. Як падкрэсліў Аляксей Шэін, у 2010 годзе папярэджаньне атрымалі 8 пратэстанцкіх святароў.
Знакавасьць заключэньня Венецыянскай камісіі пра неправавы характар артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу менавіта ў гэты момант адзначыў сябра Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Лабковіч. Ён нагадаў, што справа “Вясны”, справа Алеся Бяляцкага, пачыналася менавіта з пісьмовага папярэджаньня Генеральнай пракуратуры аб недапушчальнасьці дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І праваабаронцы не выключаюць, што ў сераду, калі адновіцца судовы працэс над Алесем Бяляцкім, у дадатак да тых эканамічных абвінавачваньняў, якія зараз разглядаюцца судом, можа дадацца і артыкул 193.1, прычым з верагодным крымінальным перасьледам.
Праваабаронцы вітаюць, што такая ўплывовая экспертная арганізацыя пры Радзе Еўропы, як Вененцыянская камісія, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца і Рэспубліка Беларусь, вынесла рашэньне ў якім прызнала артыкул 193.1 неадпавядаючым Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і міжнародным абавязальніцтвам, якія Беларусь на сябе ўзяла. Сама наяўнасьць у заканадаўстве гэтага артыкула падаўляе грамадзянскую супольнасьць, не дае ёй развівацца. Увогуле немагчыма прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць, у якой няма віны і злачынства.
Прадстаўнік Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый і каардынатар кампаніі “Стоп 193.1!” Сяргей Лісічонак паведаміў, што тэкст заключэньня на англійскай мове з перакладам на расейскую мову сёньня будзе разасланы ў тыя органы дзяржаўнай улады, якія прымаюць рашэньні альбо могуць уплываць на тых, хто можа прыняць рашэньне аб адмене гэтага ганебнага крымінальнага артыкула. Гэта Палата Прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Адміністрацыя Прэзідэнта, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце, КДБ і іншыя ўстановы,каб кожны з іх меў магчымасьць прачытаць меркаваньне міжнародных незалежных экспертаў.
"Ад сёньня мы запачаткоўваем шэраг мерапрыемстваў, якія будуць вынікам супольнай працы і грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцей і будуць скіраваныя на мінімізацыю наступстваў артыкула 193.1 у беларускім грамадстве", - падкрэсліў Сяргей Лісічонак.
Сябра Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна»Уладзімір Лабковіч, адказваючы на пытаньні журналістаў, прызнаўся, што "не выключана, калі ўлады, нават атрымаўшы заключэньне Вэнэцыянскай камісіі, зробяць выгляд, што такога дакумэнта не існуе. Але тыя людзі, якія прымаюць гэтае і падобныя рашэньні, мусяць ведаць, што Беларусь парушае міжнародныя абавязальніцтвы, якія ўзяла на сябе добраахвотна. А па-другое, ведаць і пра тое, што з цягам часу за гэта прыйдзецца адказваць".
______________________________
Венецыянская камісія – кансультатыўны орган па канстытуцыйным праве, створаны пры Радзе Еўропы ў 1990 годзе. Асноўная форма працы Камісіі - аналіз законаў і законапраектаў, якія закранаюць праблемы канстытуцыйнага права, у тым ліку стандарты выбараў, правы меншасцяў і г.д. Высновы камісіі шырока выкарыстоўваюцца ПАРЕ як адлюстраванне “еўрапейскіх стандартаў у галіне дэмакратыі”.