Бабруйск: Затрыманых на Дзяды бабруйчан зноў дапыталі
9 лістапада чатырох затрыманых за запаленыя на Дзяды свечкі зноў выклікалі ў аддзяленне міліцыі на размову. Алена Тоўсцік паведаміла, што яна з мужам адмовіліся ісці без позвы, а Арцём Мархасёў і Марына Іванова пайшлі на сустрэчу з капітанам міліцыі Аляксеем Ганчаровым.
-І мне і Арцёму задавалі аднолькавыя пытанні, негледзячы на тое, што апытвалі паасобку, - распавяла Марына Іванова. – Аляксей Ганчароў склаў пратакол, з якога вынікае, што мы ўдзельнічалі ў палітычнай акцыі. Яго вельмі цікавіла, хто арганізатар, і ён не паверыў словам, што самі вырашылі ўшанаваць памяць продкаў. Гэтыя неабаснаваныя прэтэнзіі прагучалі проста смешна!
Таксама маладыя людзі паведамілі, што ў кабінеце капітана міліцыі на стале разам з іх пратаколамі ляжала папера, у якой сярод меркаваных арганізатараў акцыі на Дзяды ўзгадвалася імя Віктара Бузінаева.