Прысуд Івану Круку пакінулі бяз зьменаў
Сёньня, 27 чэрвеня, судовая калегія Гарадзенскага абласнога суду па крымінальных справах разгледзела касацыйную скаргу астравецкага грамадзка-палітычнага актывіста Івана Крука. Калегія на чале з судзьдзём Сьвёклам пакінула ранейшае рашэньне Лідзкага раённага суду ў сіле.
Нагадаем, што Лідзкім судом Іван Крук быў засуджаны на 6 месяцаў турэмнага арышту паводле 364 га артыкулу Крымінальнага кодэксу (гвалт над супрацоўнікамі міліцыі). Інцыдэнт здарыўся ў разгар выбарчай кампаніі 26-га студзеня бягучага году пад час вобыску ў кватэры Крука. Астравецкі праваабаронец, абураны нахабнымі дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі, папросту бразнуў аб падлогу свой асабісты кампутар, які без усялякіх падставаў хацелі забраць.
На разглядзе скаргі пракурор Рабаў (сумнавядомы яшчэ па крымінальнай справе газэты "Пагоня") заявіў, што ранейшы прысуд у дачыненьні да спадара Крука абгрунтаваны законна. З іншага боку адвакат Алена Халупка пераканаўча сьцьвердзіла, што Іван Крук ня меў фізычнай мажлівасьці зьдзейсьніць гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. З матэрыялаў сьледзтва выразна зразумела, што "пацярпелы" міліцыянт Тарарук сам парэзаў сабе рукі аб сістэмны блок кампутара, калі вырваў яго ў Крука. Іншае абвінавачваньне пра нібыта садраны пагон з курткі іншага міліцыянта, ніякімі матэрыяламі сьледзтва не пацьверджана. Да ўсяго Лідзкі суд ня даў нават ацэнкі доказам, якія пацьвярджалі б віну Івана Крука.
Іван Крук на разглядзе касацыйнай скаргі заявіў, што прысуд па гэтай крымінальнай справе мае выразна палітычны характар. Пацьвердзіў гэта і разгляд касацыйнай скаргі. Цяпер Крук разам з адвакатам пасьля падачы надзорнай скаргі старшыні Гарадзенскага абласнога суду, намераны падаваць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.