Беларускім прадпрымальнікам забаранілі без дазволу ўладаў адкрываць банкаўскія рахункі за мяжой
Беларускі бізнэсовец, які без дазволу ўлады адкрые банкаўскі рахунак за межамі Беларусі, будзе прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці. Такую норму прынялі 23 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія ўнесьлі адпаведныя зьмены ў крымінальна-працэсуальны кодэкс. Раней да крымінальнай адказнасьці за банкаўскія рахункі за межамі Беларусі прыцягваліся толькі службовыя асобы суб'ектаў гаспадараньня.
Зьмяненьні ў Крымінальны кодэкс былі прынятыя па даручэньні прэзідэнта, які запатрабаваў узмацніць барацьбу "з праявамі ценявой эканомікі ў малым бізнесе", адзначыў старшыня сталай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Анатоль Белашэўскі: "Пашырыць кола сьпецыяльных суб'ектаў незаконнага адкрыцьця рахункаў за межамі Рэспублікі Беларусь, невяртаньня з-за мяжы замежнай валюты, ілжэпрадпрымальніцтва, уключыўшы ў іх індывідуальных прадпрымальнікаў". На думку Анатоля Белашэўскага, палажэньні Крымінальнага кодэксу прыводзяцца ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі Інвэстыцыйнага кодэксу, згодна з якім індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права адкрываць валютныя рахункі толькі з дазволу Нацыянальнага банку.
Вось як пракаментаваў навіну Радыё Свабодзе старшыня Беларускага Саюза прадпрымальнікаў прафэсар Аляксандар Патупа: "Што тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў, гэта дзіўная рэч. Зразумела, што калі б яны і адкрывалі рахункі, то толькі як фізычныя асобы. Але справа ў тым, што звычайным грамадзянам без усялякага прадпрымальніцтва таксама патрэбны дазвол. Усё астатняе -- гэта нелегальная дзейнасьць, калі за мяжоў паадкрываў рахункі. А яны адкрыць рахунак як прадпрымальнікі ўсё адно ня могуць. Таму гэта ўсё -- як пагроза кулаком".