У сувязі з крызісам на прадпрыемстве "Беларуськалій" работнікаў пераводзяць на дзьве траціны тарыфу
У стотысячным горадзе кожны шосты працуе ў сістэме "Белкалію", а кожны другі мужчына шахцёр альбо рабочы фабрыкі перапрацоўкі.
Цяпер жа работнікаў перавоздяць на меншы тарыф, а некаторых і зусім выпраўляюць у няпланавыя адпачынкі. Зараз здабыча калійнай руды адбываецца ў трох з чатырох руднікоў, але прадукцыя не выходзіць за межы прадпрыемства яе ніхто не купляе. Самі шахтары ставяцца да сітуацыі вакол "Белкалію" з трывогай, бо праблема ня толькі ў зьмяншэньні заробку, але і ў тым, што многія работнікі ўзялі пад заробкі вялікія банкаўскія крэдыты, у асноўным - на будаўніцтва жыльля.
Эканамічныя праблемы горадаўтваральнага прадпрыемства адбіліся таксама на мясцовых бізнэсоўцах, пачаліся праблемы ў настаўнікаў і медыкаў: ім затрымалі авансы.
Карэспандэнт Радыё Свабоды размаўляў з салігорцамі аб прычынах падобнай сітуацыі: амаль усе суразмоўцы мяркуюць, што праблемы "Белкалію" выкліканыя рашэньнем выйсьці з Міжнароднай калійнай кампаніі і стварыць Беларускую калійную кампанію. За пасярэдніцтва МКК брала з "Белкалію" 100 мільёнаў даляраў. Але партнэры МКК, у тым ліку Кітай ды іншыя азіяцкія краіны, не пайшлі на супрацоўніцтва з БКК. Такой вэрсіі падзеяў прытрымліваецца і рабочы ў забоі, і майстар перапрацоўчай фабрыкі, і пэнсіянэр на лаве ля свайго дому. Аб праблемах "Белкалію" ў Салігорску мае ўласную думку амаль кожны. І ўсе чакаюць крокаў кіраўніцтва.